Мінадукацыі Літвы: у 2018 годзе ЕГУ ўсё ж зможа набіраць студэнтаў

12 лютага чыноўнікі забаранілі ўніверсітэту праводзіць уступную кампанію, але праз тры дні адмянілі забарону.
Раніцай 16 лютага Еўрарадыё стала вядома, што літоўскі ўрад ануляваў дазвол Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта на аказанне адукацыйных паслуг з 1 ліпеня 2019 года, а таксама забараніў ЕГУ праводзіць сёлетнюю ўступную кампанію. Загад пра гэта за подпісам міністра адукацыі і навукі Літвы Юргіты Петраўскене быў выдадзены 12 лютага.
Аднак праз тры дні, 15 лютага, Мінадукацыі Літвы скарэктавала свой загад, прыбраўшы з яго пункт пра забарону набіраць студэнтаў у 2018 годзе.
"Папярэдняя версія акта памылковая. Гэтую памылку дапусціў юрыдычны аддзел Міністэрства асветы Літоўскай Рэспублікі", – пракаментавалі сітуацыю Еўрарадыё ў аддзеле камунікацый ЕГУ.
Адпаведна, Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт зможа не толькі “давучыць” тых, хто паступіў раней, але і набраць новых студэнтаў на 2018-2019 навучальны год.