Мільёны яек канфіскавалі ў трох краінах Еўропы з-за небяспечнага рэчыва

Мільёны яек канфіскавалі ў трох краінах Еўропы з-за небяспечнага рэчыва

У Нідэрландах, Нямеччыне і Бельгіі з магазінаў і складоў канфіскаваныя мільёны яек. У іх выявілі высокі ўзровень таксічнага інсектыцыду, які забаронена выкарыстоўваць у вытворчасці прадуктаў харчавання, піша газета The Guardian.

У Галандыі часова зачынілі каля 180 фермерскіх гаспадарак. Пачалося крымінальнае расследаванне, адказныя органы спрабуюць ацаніць маштабы праблемы. У прыватнасці, на гэтым тыдні на нідэрландскай мяжы былі спыненыя каля мільёна яек, прызначаных для нямецкіх спажыўцоў.

Тэсты куранят і яек паказалі наяўнасць высокага ўзроўню інсектыцыду фіпранілу. Ён уваходзіць у ветэрынарныя прэпараты, прызначаныя для пазбаўлення ад блох, вашоў і кляшчоў. Яго выкарыстанне забароненае для лячэння жывёл, прызначаных для спажывання.

Бельгійская пракуратура падазрае, што інсектыцыд, які легальна выкарыстоўваецца ў птушкагадоўлі, быў злучаны з забароненым рэчывам для павышэння эфектыўнасці. Паводле звестак нідэрландскіх СМІ, нелегальная сумесь выкарыстоўвалася на фермах у гэтай краіне больш за год. Тым часам Нідэрландскі савет па бяспецы харчовых прадуктаў заявіў журналістам, што цяпер немагчыма праверыць, ці прадаваліся забруджаныя яйкі пакупнікам у гэты перыяд. Прадстаўнік арганізацыі дадаў, што колькасць фермаў, дзе выкарыстоўвалася недазволенае рэчыва, дагэтуль аналізуецца.

Дарэчы, у Нідэрландах дзейнічае каля 1000 фабрык па вытворчасці яек. Іх прадукцыя складае каля 11 млрд яек у год.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі