Мілінкевіч: калі апазіцыя не будзе спыняць правакатараў, можа паўтарыцца 2010-ы

Мілінкевіч: калі апазіцыя не будзе спыняць правакатараў, можа паўтарыцца 2010-ы

Экс-кандыдат у прэзідэнты 2006 года Аляксандр Мілінкевіч перасцерагае апазіцыю ад паўтору сцэнару 2010 года. Пра гэта ён заявіў у інтэрв'ю тэлеканалу "Белсат".

Мілінкевіч кажа, што на ўсіх прэзідэнцкіх выбарах сярод беларускай апазіцыі былі кандыдаты, якія гулялі на карысць Расіі. У 2001 годзе такім кандыдатам, на яго думку, быў тагачасны кіраўнік Федэрацыі прафсаюзаў Уладзімір Ганчарык, у 2006-м — экс-рэктар БДУ Аляксандр Казулін

Дзеянні Казуліна, які 25 сакавіка 2006-га павёў людзей з мітынгу да турмы на Акрэсціна, каб патрабваць вызвалення затрыманых, Мілінкевіч лічыць правакацыяй. "Але ці магчыма было кагосьці вызваліць? Я адразу сказаў тады, што гэта правакацыя, бо ў выніку пасадкі Казуліна перапыніўся дыялог з Еўропай. Расійскі след тут непазбежны, бо Казулін выконваў стратэгію, якая пісалася ў Маскве", — мяркуе ён.

Такая самая расійская правакацыя, па яго словах, адбылася на выбарах 2010 года. "Яшчэ больш эфектыўная — біццё шкла ў Доме ўраду. У 2010 годзе яна прывяла да таго, што дыялог з Еўропай знік цалкам, апазіцыя села ў турму, а Лукашэнка зрабіўся больш слабым для інтэграцыі", — тлумачыць Мілінкевіч.

Па яго словах, апазіцыя на вулічных акцыях павінна мець дружыну, каб нейтралізаваць правакатараў. А ніводзін кандыдат тады такой дружыны не меў. "На гэтых выбарах тое самае можа здарыцца. І калі ўлада і апазіцыя не будуць гатовыя нейтралізаваць правакацыі — грош нам цана, мы прайграем Беларусь. Увойдуць міратворчыя сілы, каб пацыфікаваць тут усё", — канстатуе экс-кандыдат.

Мілінкевіч упэўнены, што большасць прадстаўнікоў улады — прыхільнікі незалежнасці Беларусі, і з імі трэба весці дыялог. Аднак ёсць і прыхільнікі маскоўскай лініі. "Улада падзеленая гэтак жа, як і апазіцыя: там адны за дыялог, іх большасць, а ёсць тыя, хто супраць, больш радыкальная апазіцыя. Я лічу, што трэба весці дыялог з уладай, з той групай, якая хацела б, каб Беларусь была незалежнай. Мы не будзем сябрамі. Але мы апаненты, а не ворагі. Мы партнёры ў пэўных рэчах, важных для Беларусі", — заяўляе ён.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі