Вы тут

Міліцыянты знайшлі маму дзяўчынкі, падкінутай у прыбіральню гомельскай лякарні

Прэс-служба МУС

Супрацоўнікі крымінальнага вышуку Гомельшчыны знайшлі маму дзяўчынкі, падкінутай у Гомельскую абласную клінічную лякарню. Пра гэта ў сваім Telegram-канале паведамляе прэс-служба МУС.

Як распавядала Еўрарадыё, дзіця знайшлі 15 ліпеня ў ракавіне прыбіральні ў лякарні. Побач з ракавінай стаяў пакет з дзіцячымі рэчамі. З дзяўчынкай была запіска з паведамленнем, што яна нарадзілася 9 ліпеня.

Гомельскія аператыўнікі праверылі жаночыя кансультацыі, парадзіх вобласці — аж да таго, ці ёсць нованароджанае дзіця дома. Асаблівая ўвага надавалася сем'ям, якія знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы.

У рэшце ім удалося выявіць біялагічную маці дзіцяці. Яе затрымалі ў Рагачоўскім раёне і перадалі ў Гомель. 

Вядома, што 27-гадовая ўраджэнка Кармянскага раёна 9 ліпеня на арандаванай кватэры ў Гомелі нарадзіла дзяўчынку. Дзіця знаходзілася з мамай да панядзелка 15 ліпеня. У той дзень жанчына пайшла ў абласную клініку і пакінула дзіця.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.