Міліцыя шукае хлопца, які хацеў "выкупіць" лідчанку з размеркавання

Малады чалавек падарыў лідчанцы грошы, каб тая адкупілася ад размеркавання / Еўрарадыё, ілюстрацыйнае фота

Міліцыя Ліды шукае хлопца, які падарыў прадавачцы тры тысячы долараў, каб яна закрыла даўгі перад каледжам. Пра гэта Лідскі РАУС піша на сваёй старонцы ў Інстаграме.

У міліцыю звярнулася дзяўчына, якая працуе прадавачкай у адной з харчовых крам у Лідзе. Туды яе накіравалі па размеркаванні пасля заканчэння каледжа. Дзяўчына расказала міліцыянтам, што сярод пакупнікоў з'явіўся малады чалавек, які выказваў да яе сімпатыю.

Падчас аднаго з візітаў ён спытаўся ў дзяўчыны, чаму яна сумная і што ёй трэба для шчасця. Тая адказала жартам, што ёй трэба грошы, каб разлічыцца з каледжам і закрыць адпрацоўку.

Праз пару дзён хлопец прынёс ёй пакет, у якім ляжалі 3000 долараў, каб дзяўчына магла разлічыцца з каледжам.

"Сёння дзяўчына прынесла ў міліцыю гэтыя грошы і папрасіла дапамагчы знайсці хлопца, каб вярнуць яму такую вялікую суму", — кажуць у міліцыі.

Лідчука просяць звярнуцца ў мясцовы РАУС.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.