Вы тут

Міліцыя: акно, разбітае за белыя і чырвоныя сняжынкі, — выказванне меркавання

Мінчукам разбілі акно за белыя і чырвоныя сняжынкі / svaboda.org

Сям'я мінчукоў упрыгожыла сваё акно перад Калядамі сняжынкамі ў бел-чырвона-белай кампазіцыі. І неўзабаве ўначы ім гэтае акно разбілі, кінуўшы гайкі.

"Сцяг мы не вывешвалі, бо раптам што. Падумалі, што сняжынкі — гэта не забаронена. Хацелі такім чынам выказаць сваю пазыцыю, каб бачылі суседзі і людзі, якія праходзяць поруч, каб бачылі, што нас шмат. У нас на суседніх вокнах аркушы паперы вісяць, але нашы сняжынкі не спадабаліся найбольш", — расказвае мінчанка Ірына ў каментары Радыё "Свабода".

Здарэне адбылося а палове трэцяй уночы. Гаспадары кватэры выклікалі міліцыю. Тыя адразу ўдакладнілі, ці вісела ў акне незарэгістраваная сімволіка.

Шкоду ад дзеянняў невядомых гаспадары кватэры ацанілі ў 270 рублёў.

Праз некалькі дзён з Маскоўскага РУУС Мінска адказалі, што яны не бачаць хуліганства ў разбітым акне, а гэта — толькі "выказванне меркавання".

"Падчас праверкі орган крымінальнага пераследу прыходзіць да высновы, што ў цяперашні час, у сувязі з палітычнымі падзеямі ў краіне, сярод асобаў з ліку грамадзянскай супольнасці ёсць асобы, якія негатыўна ставяцца да бел-чырвона-белай сімволікі", — гаворыцца ў адказе з міліцыі. 

Падставаў для крымінальнай справы яны таксама не бачаць, бо шкода меншая за 40 базавых велічыняў (на сёння 1 базавая велічыня — 29 рублёў).

Дарэчы, гаспадыня кватэры кажа, што атрымала запісы з камераў відэаназірання на доме: там бачна, што гайкі ў акно кідала група людзей у масках.

Мінчукам разбілі акно за белыя і чырвоныя сняжынкі / svaboda.org

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.