Вы тут

Мікіта Салавей: рэпрэсіі замест дыялогу з лекарамі вядуць да дэградацыі медыцыны

ФАП у вёсцы Рудня Полацкага раёна / polmed.by​

Былы галоўны інфекцыяніст Мінска і сябра Каардынацыйнай рады Мікіта Салавей пракаментаваў апошнія звальненні медыкаў. Яго меркаванне публікуе тэлеграм-канал "Белыя халаты".

Толькі за апошні час былі звольненыя чатыры медыкі, чые прозвішчы вядомыя. Але ёсць і іншыя, хто пакуль не гатовы гаварыць пра гэта, адзначае Салавей. Ён, у прыватнасці, згадаў неўролага Руслана Бадамшына, які пасля сутак у Жодзіне спяшаўся на працу ў РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі, спазніўся на некалькі гадзін (быў без грошай і тэлефона) і быў звольнены за гэтае спазненне. Называе Салавей і Алену Баранаву, якую ў адзін дзень па званку звольнілі з РНПЦ "Маці і дзіця" і з прыватнага медцэнтра. Ён адзначыў, што "ўсе гэтыя дактары — спецыялісты са шматгадовым практычным вопытам і клінічнымі ведамі".

Звальненні за пазіцыю адбываюцца ў той час, калі медыкаў у краіне катастрафічна не хапае. Паводле звестак Мінпрацы, у Беларусі 6000 вакансій медработнікаў. "І гэта пры вялікім каэфіцыенце сумяшчальніцтва, які дасягае часам 1,75", — адзначае Мікіта Салавей.

Паводле яго слоў, "кожнае звальненне медыка, асабліва ў перыяд пандэміі COVID-19, істотна павялічвае нагрузку на супрацоўнікаў, якія засталіся, і заканамерна прыводзіць да пагаршэння якасці медыцынскай дапамогі".

Калі такая палітыка Міністэрства аховы здароўя — рэпрэсіі замест дыялогу — працягнецца, то атрымаць кваліфікаваную дапамогу стане праблемай.  Гэта "прывядзе толькі да далейшага адтоку высокакваліфікаваных кадраў і канчатковай дэградацыі сістэмы аховы здароўя, пачатак якой мы ўжо на ўсю моц бачым сёння", лічыць Мікіта Салавей.

Раней міністр аховы здароўя Беларусі Дзмітрый Піневіч казаў, што з праблемай адтоку медыцынскіх кадраў сутыкаюцца ўсе краіны, а беларускія медыцынскія ВНУ штогод выпускаюць больш за 2,5 тысячы спецыялістаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.