Вы тут

Мікіта Мікада: я спыніў дапамогу звольненым сілавікам, але Куўшынаў усё сядзіць

Кампанія PandaDoc / Еўрарадыё

Заснавальнік кампаніі PandaDoc Мікіта Мікада апублікаваў у Фэйсбуку эмацыйны пост. Допіс прысвечаны таму, што 90 дзён таму была пачатая крымінальная справа супраць яго кампаніі. Таксама Мікада адзначыў, што на месяц быў падоўжаны тэрмін утрымання пад вартай супрацоўніка кампаніі Віктара Куўшынава

Заснавальнік PandaDoc нагадвае: справу пачалі за тое, што ён дапамагаў звольненым пасля 9 жніўня сілавікам уладкавацца ў грамадзянскім жыцці. "Да маёй ініцыятывы Віктар ніякага дачынення не меў. Аднак, рэпрэсіўная машына вырашыла што ён вінаваты проста таму, што працаваў у маёй кампаніі", — канстатуе Мікада.

Як паведамлялася раней, пасля ператрусаў у PandaDoc былі затрыманыя чатыры супрацоўнікі беларускага офісу кампаніі. Траіх з іх адпусцілі пасля сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з палітвязнямі ў СІЗА КДБ. За кратамі застаўся толькі Віктар Куўшынаў.

Мікада кажа, што спыніў дапамогу сілавікам, каб не нашкодзіць іншым — супрацоўнікам сваё кампаніі. Таксама ён спыніў кантакты з журналістамі, аднак гэта мала дапамагло. "Мы пачалі атрымліваць "сігналы", што лепш гэтага не рабіць, не выступайце асабліва і будзе "усё добра". Пасля змены меры стрымання іншым супрацоўнікам Панды я прыпыніў зносіны з журналістамі. Але Віця сядзіць... Так што дарагія журналісты, пішыце / тэлефануйце", — заяўляе прадпрымальнік.

Па яго словах, справай PandaDoc зацікавіліся амерыканскія сенатары і кангрэсмены. Яны дасылаюць лісты беларускаму амбасадару, выказваючы заклапочанасць. "Што будзе далей шмат у чым залежыць ад кабінета Джо Байдэна. Мы, усё ж такі, амерыканская кампанія, якую ў Беларусі жорстка кашмараць", — дадае Мікада.

Прадпрымальнік кажа, што планаваў у 2020-2021 гадах узяць у сваю каманду каля 200 беларусаў. Аднак цяпер ён набірае супрацоўнікаў сярод тых беларусаў, якія выехалі ва Украіну, Польшчу і Партугалію.

"Беларусь стала таксічнай для ІТ. Кампаніі і спецыялісты павольна, але дакладна пакідаюць краіну. Вядома, наша гісторыя толькі частка мазаікі, сабранай з гвалту, адключэння інтэрнэту, пасадкі іншых IT-шнікаў і г.д.Тым не менш, гэта істотная частка", — падкрэслівае Мікада.

Ён нагадвае, што Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця, які з'яўляецца інвестарам PandaDoc, замарозіў фінансаванне ў беларускія дзяржаўныя праекты. Пры гэтым толькі ў 2019 годзе ЕБРР інвеставаў у беларускую эканоміку 390 мільёнаў еўра.

А ўсе краіны-суседкі Беларусі цяпер стараюцца прыцягнуць да сябе ІТ-кампаніі ды спецыялістаў з Беларусі, для чаго спрашчаюць сваё заканадаўства.

"Усе дзяржавы на гэтай планеце, акрамя Беларусі і, магчыма, Самалі, спрабуюць развіваць ІТ-сферу. Раней і Беларусь спрабавала. І нават атрымлівалася быць на перадавой. Аднак Беларусь сёння — гэта адзіная краіна ў свеце, якая актыўна гоніць інавацыі прэч", — рэзюмуе Мікада.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.