Міхаіл Пастухоў: Улады ўводзяць кантроль і за Інтэрнэтам

Закон “Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі” быў прыняты ў сераду ў першым чытанні Палатай прадстаўнікоў. Прадстаўляючы праект закону, міністр сувязі і інфарматызацыі Мікалай Панцялей падкрэсліў, што “законапраект не распаўсюджваецца на працу сродкаў масавай інфармацыі, у тым ліку электронных” і “ніякіх правіл паводзінаў у Інтэрнэце не ўводзіцца”.

Аднак кіраўнік Цэнтра прававой абароны СМІ пры Беларускай асацыяцыі журналістаў Міхаіл Пастухоў мае іншы погляд на сітуацыю:

“Фактычна ўводзіцца кантроль за распаўсюдам, карыстаннем інфармацыі. Гэта датычыць і Інтэрнэту. Узводзіцца цэлая піраміда дзяржаўных органаў, якія будуць сачыць за плынямі інфармацыі”.

Галоўным органам у гэтай сферы стане дзяржаўны Цэнтр бяспекі інфармацыі пры прэзідэнце, які будзе працаваць разам з Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі. Інфармацыя будзе падзеленая на некалькі катэгорый: агульнадаступная, абмежаванага доступу і сакрэтная.

За парушэнне закону прадугледжваецца не толькі адміністрацыйная, але і крымінальная адказнасць. Прычым з парушальнікаў плануецца спаганяць кампенсацыю нанесенай імі шкоды.

Міхаіл Пастухоў
са шкадаваннем кажа, што такія законы будуць дзейнічаць у Беларусі:

“Вельмі шкада, што такія законы прымаюцца ў нашай краіне, паколькі яны накіраваны на абарону інтарэсаў, і на жаль, на шкоду інтарэсаў асобы. Яны вельмі абмяжоўваюць правы і грамадзян, і арганізацыяў на выкарыстанне і распаўсюд інфармацыі”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі