У ЗША праходзяць прамежкавыя выбары. Тлумачым, чаму гэта важна

Прэзідэнт Джо Байдэн падчас агітацыі перад прамежкавымі выбарамі / AP

Для нашага вуха тэрмін "прамежкавыя выбары" гучыць незразумела: што за яны, чаму праводзяцца? На самай справе, усё прасцей зразумець ужо на ўзроўні перакладу: у арыгінале гэта midterm — гэта значыць выбары, якія праводзяцца ў сярэдзіну тэрміну. Чыйго? Прэзідэнцкага. Заканадаўчая вертыкаль "ператрасаецца" так, каб выбаршчык галасаваў ужо з аглядкай на першыя вынікі прэзідэнта — калі яны яго задавальняюць, то партыю падтрымаюць і ў Кангрэсе. І наадварот. Акрамя кангрэсменаў, 8 лістапада выбіраюць і губернатараў у трох дзясятках Штатаў — увогуле, гэты дзень на самай справе вельмі важны для вызначэння амерыканскай палітыкі.

Што менавіта залежыць ад прамежкавых выбараў і чым яны могуць скончыцца — чытайце ў разборы Еўрарадыё.
 

Сінія супраць чырвоных

Зараз Кангрэс кантралююць дэмакраты. Яны маюць большасць у Палаце прадстаўнікоў — гэта ніжняя палата парламента. Сенат (верхняя палата) падзелены чыста пароўну, але дэ-факта яго таксама кантралююць дэмакраты — у сітуацыі "50 на 50" вырашальнае права голасу мае віцэ-прэзідэнт Камала Харыс, якая фармальна лічыцца кіраўніком гэтага органа.

8 лістапада амерыканцы выбіраюць усіх членаў Палаты прадстаўнікоў і прыблізна траціну сенатараў. 
У большасці штатаў перавагі паміж "сінімі" (дэмакратамі) і "чырвонымі" (рэспубліканцамі) больш-менш стабільныя. Як і на прэзідэнцкіх выбарах, вырашальнымі становяцца "штаты, якія вагаюцца" — іх вердыкт вызначае сітуацыю.

Экс-прэзідэнт Трамп на мітынгу ў Пенсільваніі / AFP

У барацьбе за Сенат сёлета асноўная барацьба сфакусавалася вакол Пенсільваніі, Джорджыі, Невады і Арызоны. Каб захаваць хаця б 50 месцаў, дэмакраты павінны перамагчы ў трох з чатырох гэтых штатаў.

Каб сфармаваць большасць у Палаце прадстаўнікоў, неабходна атрымаць 218 месцаў з 435. Тут таксама нішто не прадвызначанае і не гарантаванае: Cook Political Report пішуць, што "сінія" атрымаюць мінімум 159 месцаў, "чырвоныя" — 188. Яшчэ ў 29 акругах шанцы дэмакратаў ацэньваюцца як высокія, а тых, дзе зыход непрадказальны, 35.
 

Што можа змяніцца?

Калі дэмакраты страцяць адну або абедзве палаты Кангрэса, гэта ўскладніць жыццё адміністрацыі Джо Байдэна. Любыя заканадаўчыя рашэнні, як у знешняй палітыцы, так і ва ўнутранай, праводзіць будзе цяжэй.

Абшар тэмаў, па якіх могуць быць розныя падыходы, шырокі: ад падаткаабкладання да права на аборты і правоў ЛГБТК+. Як мінімум частка рэспубліканцаў глядзіць інакш і на пытанне аб тым, як, у якім аб'ёме і колькі ЗША павінны дапамагаць Украіне ў вайне з Расеяй.

Сам Джо Байдэн, выступаючы на днях перад выбаршчыкамі ў адным са штатаў, заявіў, што гэтыя выбары вызначаць развіццё краіны на некалькі гадоў, а ў перспектыве — закладуць аснову для ўсяго, што будзе адбывацца ў ЗША ў бліжэйшыя дзесяцігоддзі.

За сваю партыю на выбарах "упісаўся" і экс-прэзідэнт Барак Абама / REUTERS

Многія аналітыкі лічаць, што ад вынікаў прамежкавых выбараў будуць залежаць і прэзідэнцкія выбары ў 2024-м. Экс-прэзідэнт Дональд Трамп ўжо анансаваў "вельмі гучную заяву" на 15 лістапада — ён можа абвесціць пра тое, што зноў будзе ўдзельнічаць у выбарах. Калі рэспубліканцы перамогуць на гэтых выбарах, больш шанцаў будзе і ў Трампа.

Цікава, што некаторыя аналітыкі разглядаюць у кантэксце будучых прэзідэнцкіх выбараў і вынікі галасавання за пасады губернатараў. Пры шэрагу ўмоў Трамп зможа скарыстацца гэтым пры жаданні аспрэчыць вынікі выбараў 2024-га, калі яны будуць на карысць дэмакрата:

"Калі, як чакаецца, экс-прэзідэнт Дональд Трамп зноў выставіць сваю кандыдатуру ў прэзідэнты, і калі ў некаторых з штатаў, якія "вагаюцца", знойдуцца людзі, якія яму сімпатызуюць і будуць гатовыя адмяніць вынікі выбараў або працаваць з заканадаўчымі органамі Штатаў з гэтай мэтай", — патлумачыла DW экспэртка Cook Political Report Джэсіка Тэйлар.
 

І якія прагнозы?

Падчас перадвыбарнай кампаніі дэмакраты абараняліся, а рэспубліканцы наступалі: па тэмах абортаў, інфляцыі, злачыннасці і многіх. Але прадказальнымі вынікі назваць нельга.

Напрыклад, Politico прагназуе, што Палата прадстаўнікоў пяройдзе да рэспубліканцаў, Сенат застанецца падзеленым (гэта значыць фактычна за дэмакратамі), а большасць губернатарскіх пастоў будзе за "сінімі".

А вось прагноз The Economist дапускае, што ў рэспубліканцаў можа быць перавага ў Сенаце ў адзін голас. Выданне таксама мяркуе, што "чырвонай" стане і Палата прадстаўнікоў.

У букмекераў найбольш верагодным лічыцца сцэнар, калі ўвесь Кангрэс становіцца "чырвоным".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.