Метры таннеюць, ці беларускае кватэрнае пытанне ў айчынных СМІ

Мінулы тыдзень адзначыўся на старонках беларускіх СМІ нечаканым паніжэннем коштаў на жыллё. Што пра гэта пісала дзяржаўная і незалежная прэса – ў чарговым выпуску праграмы “Пад беларускім прэсам” на Еўрарадыё. Газета “Рэспубліка” вырашыла на сваіх старонках не шукаць прычыны падзення коштаў на жыллё. Затое знайшла ажно дзве прычыны іх росту. Першай прычынай сталі самі беларускія грамадзяне. Газета надрукавала, што кошты растуць з-за таго, што большасць здзелак з маёмасцю адбываецца згодна з прынцыпам размена кватэр з даплатай:

“У выпадку, калі прадавец вялікай кватэры нечакана вырашыў падняць кошт на $ 1—2 тыс., на такі ж крок вымушаны быў пайсці і пакупнік, дзеля таго, каб хоць неяк кампенсаваць свае страты. Бывала, што павышэнне коштаў ішло з апяраджэннем, дзеля таго, каб мінімізіраваць будучыя выдаткі. Так і атрымалася: кошты на жыллё адарваліся ад рэальнасці”.

Другой жа прычынай росту коштаў на жыллё, на думку “Рэспублікі”, стала не зусім шчырая праца айчынных рыэлтэраў:

“Робіцца гэта проста: ў базах дадзеных рыелтарскіх кантораў нечакана з’яўляюцца кватэры з коштам аднаго метра $ 20—30 тыс. Зразумела, што за такія грошы квартэру ніхто набываць ня будзе. Аднак такі кошт робіцца не для таго, каб прадаць жыллё, а для падняцца дадзеных статыстыкі. Напрыкванцы месяца сярэдні кошт “квадрата” атрымліваецца вышэёшы за рэальны. Вось па ткіх коштах беларускі рынак жылля і існуе...”

Галоўнай “кватэрнай” тэмай на старонцы “Беларускага Партызана” стаў перадрук статыстыкі з тэлеграфнага агенцтва “Белта”. Самі ж дадзеныя былі агучаныя прэс-сакратаркай Міністэрства статыстыкі і аналізу Беларусі Аленай Кандраценка. Так, у Беларусі на пачатак гэтага году налічылі 717,5 тысяч грамадзян, якім неабходна паляпшэнне жыллёвых умоваў. Прычым гэта на 94,4 тыс. чалавек больш, чым год таму:

“У мінулым годзе жыллё ў Беларусі атрымалі 38,5 тыс. чалавек, ці 6,2% ад усіх грамадзянаў, якія чакаюць паляпшэння жыллёвых умоваў. У параўнанні з 2006 годам колькасць атрымаўшых жыллё павялічылася на 4,5 тыс. чалавек (на 13%)”.

На старонках “Звязды” таксама актыўна абмяркоўвалі травеньскае падзенне коштаў на жыллё.

“Сёлетнi травеньскi "мёртвы" сезон характарызуецца, бадай, поўнай адсутнасцю зацiкаўленых у стандартным жыллi клiентаў, а з другога боку — масавай прапановай тыповых кватэр”, - зазначае выданне.

Газета прыводзіць дадзеныя сталічнага агенцтва нерухомасці “Час пик”. Так, толькі ў адным мінскім агенцтве на гэтым тыдні прапаноўваюцца больш за 140 варыянтаў здачы аднапакаёвых кватэраў. На думку “Звязды” менавіта гэта і прывяло да паніжэння коштаў на жыллё:

“Самая вялiкая колькасць прапаноў прыпадае на двухпакаёвыя кватэры. Сёння па гэтым сегменце арэнды ў агенцтве "Час пiк" ужо больш за 200 варыянтаў. Самы распаўсюджаны цэннiк арэнды "двоек" вагаецца цяпер у межах ад 250 да 300 долараў. Патаннелi за апошнi месяц i трохпакаёвыя кватэры, арэнда якiх пачынаецца з 300 долараў плюс квартплата”.

“Советская Белоруссия” на сваіх старонках першай заўважыла травеньскае паніжэнне коштаў на жыллё. У артыкуле пад назвай “Метр стал скромнее?” галоўны ідэалагічны рупар краіны прыводзіць каментар старшыні савета беларускай асацыяцыі “Нерухомасць” Мікалая Прасталупава. На думку эксперта, на дынаміку коштаў могуць сур’ёзна паўплываць адміністратыўныя рашэнні:

“Скажам, сёння было б лагічна прыняць нарматыўны акт, які б абавязаў будаўнічыя арганізацыі Мінска і абласных гарадоў штомесяц выстаўляць на аўкцыён па 300-400 кватэр. Пры гэтым стартавы кошт павінен быць такі: сабекошт плюс 40 адсоткаў. То бок каля 700 долараў за метр. Такая практыка зменшыла б напружанне на рынку”, - выказаўся Мікалай Прасталупаў на старонках “СБ”.

Так асвятлялі травеньскае паніжэнне коштаў на жыллё беларускія СМІ. Ад сабе дадам, што паніжэнне коштаў на арэнду жылля штогод увесну – справа звычайная. Таму самай вартай парадай для тых, хто збіраецца здымаць кватэру - рабіце гэта як мага хутчэй. Для тых жа, хто сабраўся прадаваць свае квадратныя метры самым выгодным будзе пачакаць хаця б да восені.
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі