Вы тут

Меркель і Пуцін зноў гаварылі пра сітуацыю з мігрантамі ў Беларусі

Мігранты на беларуска-польскай мяжы / sb.by

Ангела Меркель і Уладзімір Пуцін зноў гаварылі пра сітуацыю з мігрантамі на мяжы Беларусі з краінамі Еўрасаюза. Тэлефонная размова адбылася 11 лістапада. Як і напярэдадні, расійскі прэзідэнт параіў ЕС для вырашэння міграцыйнага крызісу аднаўляць кантакты з афіцыйным Мінскам. Пра сённяшнюю размову вядома з паведамлення прэс-службы прэзідэнта РФ. Адзначана "важнасць хутчэйшага ўрэгулявання вострага міграцыйнага крызісу ў адпаведнасці з міжнароднымі гуманітарнымі нормамі".

Меркель заявіла, што прычынай міграцыйнага крызісу на беларуска-польскай мяжы "стаў беларускі рэжым, які выкарыстоўвае безабаронных людзей у гібрыднай атацы на Еўрапейскі саюз".

Папярэдняя тэлефонная размова выканаўцы абавязкаў канцлера Германіі і прэзідэнта Расіі пра міграцыйны крызіс у Беларусі адбылася 10 лістапада. Тады яны дамовіліся "працягнуць размову на даную тэму". Не выключана, што неабходнасць размовы ў чацвер была выклікана пагрозай Аляксандра Лукашэнкі перакрыць пастаўкі прыроднага газу ў Еўропу. У Бруселі заявілі, што  Еўрасаюз не дазволіць сябе запалохаць. А МЗС Германіі ўсклала адказнасць за пакуты мігрантаў на Лукашэнку і нагадала пра новыя санкцыі, якія рыхтуюцца ў ЕС.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.