Меркаванне: для змены ўлады беларусам трэба дастукацца да сумлення байцоў АМАПа

Байцы АМАПа на пратэставай акцыі ў Мінску / Еўрарадыё​
Байцы АМАПа на пратэставай акцыі ў Мінску / Еўрарадыё​

Расійскі філосаф, сувядучы праграмы "Ідэя Х" на Еўрарадыё Максім Гаруноў заўважыў, што беларусы на пратэставых акцыях саромяць сваю міліцыю: "Ці ёсць у вас сумленне? Як вам не сорамна?"

"З расійскага пункту гледжання гэта дурныя пытанні,піша Гаруноў. — Вядома, ім не сорамна. АЛЕ. Беларусь — гэта краіна беларусаў. Беларусы — гэта народ. У беларусаў папраўдзе агульная гісторыя і агульны лёс.

Беларусы значна бліжэйшыя адно аднаму, чым расіяне. Ім лягчэй спачуваць адно аднаму. Гэта блізкасць робіць сорам важным. Беларуская міліцыя, у адрозненне ад расійскай, парушае закон у дачыненні да сваіх блізкіх. Гэта не заўсёды проста.

Выкручваць рукі "не сваім" значна прасцей. Зусім проста выкручваць рукі "чужым". У Расіі, калі ўладзе патрэбна жорсткасць, сілавікоў вязуць з іншага рэгіёна. Цюменскі АМАП без пытанняў саб'е масквічоў, а маскоўскі АМАП — жыхароў Хабараўска. У крайніх выпадках палохаюць кадыраўскімі чачэнцамі або "Беркутам" Януковіча. У Беларусі такой дыстанцыі паміж рэгіёнамі і паміж людзьмі няма".

Гаруноў прыходзіць да высновы, што ў беларускіх рэаліях пытанне "Ці ёсць у вас сумленне?", звернутае да міліцыянераў, мае сэнс. І яно гучыць тым больш важка, чым мацней беларусы ўсведамляюць сябе беларусамі.

"Калі раптам беларусы на поўную сілу ўсвядомяць сябе беларусамі, пытання пра сумленне можа быць дастаткова, каб спыняць супрацьпраўныя дзеянні. Змяненне краіны праз збліжэнне грамадзян — гэта, напэўна, і ёсць той самы "негвалтоўны" і "негегельянскі" шлях, пра які цяпер гавораць у Мінску", — рэзюмуе расійскі філосаф.

Жанчына дзёрзка размаўляе з байцамі АМАПа на акцыі пратэсту ў Мінску

Зрэшты, у міліцыі свой пункт гледжання на дзеянні АМАПа падчас вулічных пратэстаў. Міністр унутраных спраў Юрый Караеў сцвярджае, што патрабуе ад падначаленых, каб яны "лепш "недаціснулі", чым "пераціснулі". "Каб не траплялі да нас людзі, якія не хацелі ў гэтым удзельнічаць [у пратэставых акцыях], я кажу супрацоўнікам АМАПа рукі трымаць за спінай".

"А ў органы ўнутраных спраў дастаўляюць для разбору толькі тых, хто спецыяльна, наўмысна, ігнаруючы шматразовыя патрабаванні і нават намёк з фізічным выштурхоўваннем, але ласкавым такім, несілавым, усё роўна імкнуцца працягнуць гэтыя мерапрыемствы", — працягвае Караеў.

Ласкавае выштурхоўванне — вось як гэта называецца. У супярэчнасць з сумленнем не ўступае.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі