Memento mori. Кожныя 4 хвіліны 20 секунд у Беларусі памірае чалавек
Фота: Fotolia
Кожныя 4 хвіліны 20 секунд у Беларусі памірае чалавек. Гэта амаль 14 чалавек у гадзіну ці 236 чалавек у дзень. Белстат апублікаваў дадзеныя аб смяротнасці ў нашай краіне за 2016 год. Усяго за год не стала 119379 чалавек. Часцей за ўсё беларусы паміраюць ад хвароб сістэмы кровазвароту (у сярэднім кожныя 8 хвілін па гэтай прычыне памірае адзін чалавек), хвароб органаў стрававання (кожныя 24 хвіліны) і ад анкалогіі (кожныя 30 хвілін).
Калі б у смерці была праграма перадач на суткі, як бы па-блюзнерску гэта ні гучала, то ў Беларусі яна б выглядала так:
Кожныя 8 хвілін — смерць ад хвароб сістэмы кровазвароту;
Кожныя 24 хвіліны — смерць ад хвароб органаў стрававання;
Кожныя 29 хвілін — смерць хвароб нервовай сістэмы;
Кожныя 30 хвілін — смерць ад злаякасных наваўтварэнняў;
Кожную гадзіну 20 хвілін — смерць ад сімптомаў, прыкмет і адхіленняў ад нормы, выяўленых пры клінічных і лабараторных даследаваннях;
Кожныя 3 гадзіны 30 хвілін — ад псіхічных расстройстваў;
Кожныя 4 гадзіны 20 хвілін — самагубства;
Кожныя 4 гадзіны 45 хвілін — смерць ад хвароб органаў дыхання;
Кожныя 5 гадзін 45 хвілін — смерць ад вострага інфаркту міякарда;
Кожныя 6 гадзін — смяротнае атручэнне алкаголем;
Кожныя 11 гадзін 22 хвіліны — смерць ад інфекцыйных і паразітарных хвароб;
Кожныя 12 гадзін — смерць у выніку ДТЗ;
Кожныя 12 гадзін 30 хвілін — смерць ад хвароб мочапалавой сістэмы;
Кожныя 20 гадзін — утапленне;
Кожныя 22 гадзіны — забойства;
Кожныя суткі — адна дзіцячая смерць.
Усе астатнія хваробы і знешнія прычыны, з-за якіх паміраюць жыхары нашай краіны, здараюцца ў сярэднім радзей, чым раз у суткі. Але гэта таксама вялікі спіс.
Беражыце сябе.