Вы тут

Мемарыял у памяць пра Паўла Шарамета адкрылі ў Кіеве

Адкрыццё помніка Паўлу Шарамету ў Кіеве / facebook.com/MasiNayyem

Мемарыял у памяць пра журналіста беларускага паходжання Паўла Шарамета адкрылі ў Кіеве 20 ліпеня, паведамляе hromadske.ua. Сёння спаўняецца акурат чатыры гады з дня яго трагічнай гібелі. 

Мемарыял размешчаны на рагу вуліц Багдана Хмяльніцкага і Івана Франка — непадалёк ад месца, загінуў журналіст. Помнік мае выгляд белага аркуша, на якім пасярэдзіне курсівам напісана "Павло Шеремет".

На адкрыцці мемарыяла галоўны рэдактар "Украінскай праўды" Сеўгіль Мусаева адзначыла: "Мне крыўдна, што і праз 4 гады мы не ведаем, хто гэта зрабіў. Але я ўпэўненая, што рана ці позна мы даведаемся"

Павел Шарамет пачаў сваю журналісцкую кар'еру ў Беларусі. Потым ён быў вымушаны пераехаць у Расію, а пасля — ва Украіну. Тым не менш Шарамет уважліва сачыў за беларускай сітуацыяй і заснаваў сайт "Беларускі партызан". 

Зранку 20 ліпеня 2016 года машына, у якой ён ад'язджаў ад сваёй кватэры ў Кіеве, узарвалася. Расследаванне яго гібелі працягваецца ўжо чатыры гады. Аднак вінаватых следства дагэтуль не выявіла. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.