Вы тут

Медыкі: стан Ромы Кагадоўскага цяжкі, але ёсць невялікая станоўчая дынаміка

Дом, з якога Рома вынес на руках малодшага брата / СТБ

Стан здароўя Рамана Кагадоўскага застаецца цяжкім, але ёсць невялікая станоўчая дынаміка. На цяперашні момант арганізм дзіцяці спраўляецца. Пра гэта паведамляе прэс-служба Мінздароўя са спасылкай на намесніка галоўлекара мінскай Бальніцы хуткай меддапамогі Ігара Шыманскага

Медыкі ўжо тыдзень змагаюцца за жыццё і здароўе 12-гадовага Ромы з Мядзельскага раёна. Ён на руках вынес з палаючага дома малодшага брата Івана. Хлопчыка з вялікімі апёкамі лечаць у Рэспубліканскім апёкавым цэнтры ў Мінску. 

Па словах Шыманскага, праводзіцца ўсё неабходнае лячэнне, у тым ліку аперацыі. Штодня медыкі ладзяць кансіліумы: у панядзелак быў кансіліум з расійскімі спецыялістамі, у сераду — з міністрам аховы здароўя. 

Даваць нейкія папярэднія прагнозы Шыманскі лічыць заўчасным, бо плошча апёкаў у дзіцяці вялікая, і як будзе працякаць працэс, пакуль сказаць вельмі цяжка. Ён паведаміў, што Раману зрабілі ўжо ўве аперацыі, далей яны будуць выконвацца з інтэрвалам два-тры дні. Пры лячэнні выкарыстоўваюцца самыя сучасныя метады, у тым ліку ідзе гаворка пра клетачныя тэхналогіі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.