Мечыславу Грыбу споўнілася 75 гадоў

Мечыслаў Грыб нарадзіўся ў вёсцы Савічы Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці. Скончыў Ільвоўскае пажарна-тэхнічнае вучылішча і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Генерал-лейтэнант міліцыі. Заслужаны юрыст Беларусі.



У 1981–1985 гадах працаваў начальнікам упраўлення аховы грамадскага парадку МУС БССР, 1985–1990 гадах — начальнікам упраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама.





У 1990–1996 гадах — дэпутат Вярхоўнага Савета 12-га і 13-га скліканняў. На працягу двух гадоў з’яўляўся старшынёй парламента.





Цяпер з’яўляецца генеральным сакратаром Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), у якую ўступіў у чэрвені 1996 года.





“Самае галоўнае ў жыцці ў маім узросце — сям’я. На жаль, жонка ўжо памерла. Але ёсць дзеці, унукі — трэба быць бліжэй да іх”, — сказаў Мячыслаў Грыб у інтэрв’ю БелаПАН.





Сыходзіць з радоў БСДП (Грамада) ён не збіраецца. “Буду досвед і веды аддаваць справе сацыял-дэмакратыі”, — падкрэсліў Грыб.





Як грамадзянін і палітык Грыб хацеў бы бачыць Беларусь свабоднай і дэмакратычнай дзяржавай з нейтральным статусам. “Хацелася б, каб Беларусь не ўмешвалася ні ў якія канфлікты, ні з кім не ваявала. Я супраць усіх ваенных блокаў, ніколі яны нам за ўсю гісторыю нічога добрага не прыносілі”, — сказаў ён.