Мазыранка заступілася за мужа і пабілася з вартаўніцай трактара

Адпачынак на пляжы ў кампаніі сяброў скончыўся для 36-гадовай мазыранкі крымінальнай справай, паведамляе тэлеканал "Мазыр"

Кампанія весела адпачывала на рацэ каля вёскі Лучажэвічы. Яны купаліся, загаралі, пілі і фатаграфаваліся. Недалёка стаяў трактар, які належыць юрыдычнай асобе. Адзін з мужчын залез у чужы трактар, каб зрабіць сэлфі.

Яму зрабіла заўвагу вартаўніца, пасля гэтага пачалася сварка. У канфлікт умяшалася жонка аматара сэлфі. Жанчыны сварыліся ўсё больш зацята, і ўрэшце адпачывальніца стукнула вартаўніцу кулаком у твар. Пасля гэтага ўся кампанія села ў аўтамабіль і з'ехала. 

Вартаўніца выклікала міліцыянтаў, і праваахоўнікі праз нейкі час затрымалі падазроную ў хуліганстве. Жанчына прызнала сваю віну. Яна патлумачыла, што ёй стала крыўдна за мужа. 

Мінімальнае пакаранне, якое пагражае ёй за хуліганства, — гэта штраф.