Вы тут

Масква чакае ад Мінска доказаў, што Беларусь не займаецца рээкспартам

ria.ru

Масква чакае ад Мінска доказаў, што Беларусь не займаецца рээкспартам прадукцыі, увоз якой ў Расійскую Федэрацыю забаронены. Такую заяву зрабіў віцэ-прэм'ер РФ Аляксей Гардзееў.

"Нам патрэбны доказы таго, што такія парушэнні больш не будуць з боку беларускіх органаў дапускацца, цытуе словы Гардзеева ria.ru. — Усё ж такі неаднаразова фіксаваліся рээкспартныя пастаўкі, пад выглядам таго, што гэтая прадукцыя з Беларусі, насамрэч яна паступала з розных еўрапейскіх краін".

Расійскі віцэ-прэм'ер адзначыў, што цяпер адпаведныя службы Беларусі і Расіі вядуць паміж сабой перамовы, "каб забяспечыць належны кантроль".

На мінулым тыдні на нарадзе Аляксандр Лукашэнка абурыўся колькасцю санкцый, якія ўводзіць “гандлёвы партнёр”. Ён зрабіў выснову, што для Беларусі проста закрываюць расійскі рынак. "Тое дабро, якое мы робім для Расійскай Федэрацыі, яно нам абарочваецца пастаянным злом, — гаварыў беларускі кіраўнік. — Там ужо знахабіліся да такой ступені, што пачынаюць нам выкручваць рукі”. Лукашэнка таксама агучыў магчымы адказ. У Маскве з такой яго пазіцыяй не пагадзіліся.