Марсіянскія пейзажы, выспы-чарапахі і палі-“долары” ёсць на Віцебшчыне

Каб пабачыць гэта, найлепшаму фатографу года Сяргею Плыткевічу дастаткова адной секунды Фотамастак, дырэктар выдавецтва “Рыфтур”, галоўны рэдактар часопіса “Фотамагія” Сяргей Плыткевіч у Мірскім замку дэманструе сваю выставу “Нечаканая Беларусь” – погляд на беларускія краявіды з вышыні птушынага палёту. Фатограф заўважае і фіксуе незвычайнае і прыгожае, ён лічыць, што нашая краіна не горш, а можа нават, прыгажэй за астатнія.
Еўрарадыё прапануе вам наведаць выставу майстра віртуальна.


Гэта возера Богінскае Браслаўскага раёну. Гэты раён самы прыгожы, калі здымаць яго з верталёта, таму знайсці маляўнічы пейзаж тут прасцей за ўсё. З іншага ракурса – возера як возера: лес, заліў. А калі крыху павярнуць – шапка, нос, вусны, барада і цыгарэта – гняздо бакланаў.


На гэтым кадры долар.



Ён называецца “Хто сказаў, што на Віцебшчыне не цэняць сусветную валюту?” Віцебскія палі адрозніваюцца ад іншых, бо Віцебшчына – гэта ўзгоркі, нізіны, пералескі. Нашыя продкі былі вымушаныя прыстасоўвацца: дзе атрымлівалася, рабілі палі, і яны былі звілістымі… А тут на “долары” яшчэ і палоскі ёсць.

А тут "галава чарапахі". Галава, рот, а дрэвы – як выпучаныя вочы. Маленькі паўвостраў выглядае так дзякуючы асвятленню. "Чарапаха" таксама знаходзіцца на адным з азёраў Браслаўшчыны.



Гэты кадр падобны на вугра ці змяю. Гэты цікавы паўвостраў звіваецца, цягнецца ў даўжыню на 2 кіламетры, а ў шырыню мае 50 метраў – нават увесь не патрапіў мне у кадр . Знаходзіцца ён на мяжы Беларусі і Расіі. Рака Дрыса, што ўпадае ў возера Сіньша, там розных выспаў і паўастраўкоў шмат.

А тут журавель – крылы, дзюба, шыя, а на галаве расце невялічкі лес – усё астатняе забалочана. Гэта возера Ельня Мёрскага раёна, якое нібы падзеленае на дзве часткі…



А побач там ёсць яшчэ возера Курганістае, дзе шмат-шмат выспаў памерам 10, 5, 1 квадратных метраў. На кожным з іх растуць сосны, бярозы, і зверху гэта выглядае проста ашаламляльна.



Гэта – возера-"голуб". Заказнік Сарачанскія азёры Астравецкага раёну. Знаходзяцца яны побач з папулярнымі Блакітнымі азёрамі, дзе быў амаль кожны падарожнік. Сарачанскія ад Блакітных адрозніваюцца тым, што знаходзяцца на адкрытых прасторах, а не ў лясах, таму можна і без самалётаў і верталётаў назіраць цудоўныя панарамы.



А гэты здымак я назваў “Дарога у неба”, што ў рыбхозе ў Жыткавіцкім раёне. Звычайна каля рыбных сажалак ёсць такія дарогі. Гэтая, зігзагамі, выглядае вельмі рамантычна, нібы ідзе да неба…

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі