Маршрутка трапіла ў аварыю на трасе Мінск — Гродна, 2 чалавекі загінулі

Маршрутка трапіла ў аварыю на трасе Мінск — Гродна, 2 чалавекі загінулі

Жудасная аўтааварыя адбылася ў Валожынскім раёне на 74-м кіламетры трасы Мінск — Гродна. Увечары 18 кастрычніка маршрутка з людзьмі сутыкнулася з раздзяляльнымі бетоннымі блокамі. Як інфармавала БЕЛТА, загінулі 2 чалавекі, 15 чалавек завезлі ў бальніцу. Пазней з'явілася ўдакладненне: пацярпелых 14 чалавек, у тым ліку і 46-гадовы кіроўца. Сярод іх ёсць двое дзяцей ва ўзросце 5 і 11 гадоў, жанчына на 5-м месяцы цяжарнасці. З валожынскай бальніцы траіх чалавек перавезлі ў бальніцу ў Маладзечна (яны ў цяжкім стане), адну пацярпелую — у Мінск. Прэс-служба міліцыі Мінскай вобласці піша, што загінула на месцы 66-гадовая пасажырка. У бальніцы ад атрыманых траўмаў памёр 71-гадовы мужчына.

Mercedes-Benz Sprinter перавозіў пасажыраў паміж Мінскам і Гроднам. ДТЗ адбылося на ўчастку трасы, на якім праводзяцца рамотныя працы. Хуткасць там абмежаваная да 50 км/г. Адзначаецца, што той участак быў асветлены. Мяркуецца, што прычынай здарэння стала перавышэнне хуткасці (нібыта, да 120 км/г). Кіроўца быў цвярозы, ён шпіталізаваны разам з пасажырамі ў Валожынскую цэнтральную раённую бальніцу. У рэанімацыі знаходзяцца 5 чалавек.

Позна ўвечары ў чацвер на месцы здарэння працавала следча-аператыўная група. У дачыненні кіроўцы распачалі крымінальную справу, артыкул — "парушэнне правілаў дарожнага руху, што пацягнула па неасцярожнасці смерць двух чалавек". Праводзіцца расследаванне, прызначаныя экспертызы.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі