Марціновіч: Не трэба замыкаць людзей у “банках дадзеных”!

Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 28 траўня, што вынікі праверкі "банку дадзеных" таленавітай моладзі ў Беларусі  даволі сумныя, бо нельга адсачыць, ці працуе моладзць па  спецыяльнасці. Дзе хаваюцца маладыя таленты, мы вырашылі распытаць  палітолага і выкладчыка ЕГУ Віктара Марціновіча.

120526 Marcinovich_rezany.mp3

Еўрарадыё: Усё менш людзей выбіраюць працу па спецыяльнасці. У чым прычына? Гэта няправільны выбар факультэта, ці жаданне зарабляць больш грошай?

Віктар Марціновіч: Мне здаецца, што маладому чалавеку нязручна працаваць за 200 долараў, калі ў суседняй краіне ён за тую ж самую працу можа мець 2 000. Адзінае, што можа зрабіць наша дзяржава – гэта не “банку” дадзеных таленавітай моладзі, а “турму” дадзеных таленавітай моладзі. Зрабіць усіх невыязнымі, і тады ўсе будуць “як зайчыкі” сядзець у Беларусі і старацца нешта рабіць. Калі яны абралі такую ўмоўную стратэгію (скасавалі гадзіны навучання замежнай мовы паўсюль), стаўка на гэта і была зробленая. Але наша моладзь настолькі таленавітая, што яна ўсё роўна, сабака, з’язджае, і знаходзіць месца, дзе яе таленты запатрабаваныя. 

Еўрарадыё: Як вы думаеце, апошнім часам стала менш таленавітай моладзі?

Віктар Марціновіч: Цяжка акрэсліць, што такое талент. Калі казаць пра ўзровень адукацыі ў гуманітарных дысцыплінах, асноўны ўзровень адукаванасці абітурыентаў стаў горш. Што тычыцца прагі да вучобы – яна падвышаецца. Людзі разумеюць, як моцна паглыбляецца розніца паміж Беларуссю і іншым светам. Таму ім трэба вымагацца і моцна вучыцца, каб пакрыць тое, што яны недарабілі ў нашых школах. 

Еўрарадыё: А што б вы параілі ўладам, каб змяніць гэтую сітуацыю?

Віктар Марціновіч: Проста зрабіце так, каб нашая адукацыя далучылася да Балонскага працэсу. Усё! Болей нічога не трэба. Балонскі працэс, як мы ведаем, вымагае акадэмічную аўтаномію, магчымасці для студэнцкай мабільнасці – усё тое, чаго не мае сучасная беларуская гуманітарыстыка. Тады з’явяцца і замежныя выкладчыкі, якія будуць выкладаць па-ангельску тыя ж уводзіны ў гісторыю філасофіі. Тады ўжо ў беларускіх настаўнікаў з’явіцца стымул, каб быць больш сучаснымі, зразумець, што задача настаўніка не чытаць лекцыі, а дапамагаць знаходзіць веды ў інтэрнэце, быць мадэратарам, ці нават ды-джэем.

Еўрарадыё: Ці не баіцеся вы, што калі будзе Балонская сістэма, студэнты “папруць” з Беларусі ўжо пасля заканчэння першай ступені?

Віктар Марціновіч: Я гэтага не баюся, бо не лічу, што трэба нас трымаць у “банцы дадзеных”. Свет сучасных ведаў – гэта свет без межаў. Сёння мы з вамі знаходзімся за межамі Беларусі. Заўтра я вярнуся ў Беларусь, вы будзеце ўзначальваць Белтэлерадыёкампанію. Беларусь ад гэтага не пацерпіць. Ёй ад гэтага будзе толькі добра, таму што мы з вамі прынясем туды тэхналогіі, веды – усё тое, што мы пабачылі ў іншых краінах. Таму, не трэба замыкаць людзей у “банках”. Трэба адмовіцца ад псіхалогіі турэмшчыкаў, трэба думаць сучаснымі катэгорыямі – катэгорыямі свету без межаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі