Вы тут

Манету "Год Пацука" выпусцілі ў Беларусі: 8 пацукоў трымаюць кавалачкі сыру

Манета "Год Пацука" / nbrb.by

15 лістапада Нацбанк выпускае ў абарачэнне срэбраную памятную манету "Год Пацука" з серыі "Кiтайскi каляндар". Манета мае намінал 20 рублёў, пробу сплаву 925, масу 33,63 г, дыяметр 38,61 мм, паведамляе прэс-служба Нацбанка.

На аверсе манеты ў вонкавым крузе ўверсе размешчаная рэльефная выява Дзяржаўнага герба Беларусі і надпіс "РЭСПУБЛІКА БЕЛАРУСЬ". Унізе — надпіс "20 РУБЛЁЎ", справа - год чаканкі, злева — проба сплаву.

Ва ўнутраным крузе ў цэнтры — кампазіцыя з элементаў гадзіннікавага механізму, Cолнца і Месяца. У цэнтры гадзіннікавага механізму размяшчаецца ўстаўка з фіянітаў; па крузе ідуць гады з 2013-га па 2024-ы — па колькасці гадоў аднаго цыкла кітайскага месяцовага календара. Асобныя элементы цэнтральнай кампазіцыі і лічба 2020 (год Пацука) вылучаныя золатам.

На рэверсе размяшчаюцца выявы пазалочанага паўмесяца і кітайскі іерогліф, якія абазначае пацука. Па крузе — выявы васьмі пацукоў, якія трымаюць у лапах кавалачкі сыру, у асяроддзі зорак. Унізе манеты — надпіс "ГОД ПАЦУКА".

Манета адчаканеная ў АТ "Манетны двор Польшчы" накладам 999 штук.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.