Мама прыехала да сына ў мінскае СІЗА з Саратава, але следчы не пусціў

Ягор Дуднікаў / Еўрарадыё
Ягор Дуднікаў / Еўрарадыё

Мама Ягора Дуднікава — расіяніна, затрыманага ў Беларусі па падазрэнні ў арганізацыі масавых беспарадкаў, — прыязджала ў Мінск з Саратава, каб сустрэцца з сынам. Але ўбачыць яго так і не змагла.

— Следчы не пайшоў насустрач. Ён нават адвакату не даваў з ім сустрэцца. Ягора я не ўбачыла, — расказвае Еўрарадыё Юлія Дуднікава. — Адзінае, што я змагла, — гэта перадаць яму рэчы, таму што ў яго не было нічога, нават зубной шчоткі. Наняла адваката, схадзіла ў амбасаду [Расіі].

Ягор Дуднікаў родам з Саратава. Там ён адвучыўся на кухара. А потым пераехаў у Мінск — да сваёй дзяўчыны. Працаваць па спецыяльнасці не атрымалася, таму ён падпрацоўваў, рэдагуючы тэксты і агучваючы відэаролікі: анімэ, камп'ютарныя гульні, рэкламу. Мама Ягора кажа, што ў яго прыгожы голас.

5 траўня хлопца затрымалі на наёмнай кватэры ў Мінску. Правялі ператрус, канфіскавалі мікрафон. Супраць Дуднікава была распачатая крымінальная справа — праз тое, што ён агучваў ролікі пра пратэсты, якія прайшлі ў Беларусі ў 2020 годзе.

Мама приехала к сыну в минское СИЗО из Саратова, но следователь не пустил
Сямейнае фота Ягора Дуднікава / Еўрарадыё

— Ягор правёў мяне да дома, было каля 11 гадзін вечара. Ужо раніцай не магла яму датэлефанавацца і набрала гаспадару кватэры, у якой жыў Ягор, — расказвае Еўрарадыё ягоная сяброўка. — І ён мне расказаў, што да Ягора прыйшлі з ператрусам і затрымалі. Яшчэ гаспадар кватэры сказаў, што, калі Ягора затрымалі, сказалі, каб ён [гаспадар кватэры. — Еўрарадыё] нікому нічога не расказваў, тыпу Ягора прыйшлі і забралі сябры.

Маладыя людзі пазнаёмілася ў інтэрнэце ў 2016 годзе. Сустракаюцца ўжо пяць гадоў, з якіх паўтара года Ягор жыве ў Мінску.

Бацькі Дуднікава лістоў ад Ягора не атрымліваюць. А да дзяўчыны яны даходзяць.

— Самі разумееце, што ў лістах цяпер асабліва шмат нельга расказваць... Ён піша пра звычайныя бытавыя пытанні: які ў яго распарадак дня, чым ён займаецца, як кормяць, пра свае планы на будучыню.

Мама приехала к сыну в минское СИЗО из Саратова, но следователь не пустил
Ягор Дуднікаў са сваёй дзяўчынай / Еўрарадыё

Пытаемся ў дзяўчыны: які ён, Ягор Дуднікаў?

— Чыста фізічна гэта не можа быць ніякі арганізатар. Гэта такі чалавек, які пастаянна лунае ў аблоках, увесь час заняты творчымі думкамі, марамі. Любіць рамантыку, пагаварыць, пагуляць. Ён добры, магчыма занадта добры. Хлопец як хлопец. Просты, прыемны, дружалюбны.

Убачыць каханага за ўжо амаль чатыры тыдні, якія прайшлі з яго затрымання, дзяўчына таксама пакуль не змагла. Зрэшты, не ўдавалася дагэтуль яго ўбачыць і адвакату Антону Гашынскаму. Еўрарадыё датэлефанавалася яму акурат тады, калі ён знаходзіўся ў СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску. Туды з СІЗА КДБ нядаўна перавялі Ягора Дуднікава.

Мама приехала к сыну в минское СИЗО из Саратова, но следователь не пустил

— Ягору прад'яўленае абвінавачанне па артыкуле 342 ч. 1 КК РБ — "Арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, якія прывялі да парушэння работы транспарту і прадпрыемстваў", — расказвае Еўрарадыё адвакат. Але ж Ягора абвінавачваюць у "стварэнні ролікаў для апазіцыі"?

— Так, гэта і маецца на ўвазе пад арганізацыяй. Маўляў, тым самым ён арганізоўваў масавыя групавыя дзеянні, — пацвярджае Гашынскі. — Следству Ягор расказаў усё як было. Ён расказаў, што сапраўды браў удзел у агучванні. Ён ставіўся да гэтага як да працы.

Еўрарадыё звязалася з амбасадай Расіі ў Беларусі. Там нам адказалі, што супрацоўнікі амбасады "займаюцца пытаннем" Ягора Дуднікава. Але на адкрытае пытанне "Ці наведваў Ягора консул?" — адказалі ўнікліва.

Мама Ягора кажа, што дагэтуль дыпламаты так і не наведалі яе сына ў СІЗА. Аднак, па словах Гашынскага, 31 траўня справа быццам бы зрушылася з мёртвага пункту.

— Консульскі доступ запытаны. У найбліжэйшы час павінны яго наведаць [з амбасады. — Еўрарадыё], — расказаў Еўрарадыё адвакат.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі