Малішэўскі: Баюся, што пачну пісаць, як пераможца The Bobs

Малішэўскі: Баюся, што пачну пісаць, як пераможца The Bobs

Беларус Віктар Малішэўскі, аўтар блога antijournalist.by, перамог у прэстыжным конкурсе блогераў Deutsche Welle “The Bobs-2016”. Ён распавёў Еўрарадыё пра свой праект і планы на будучыню.

 

Пра перамогу

 

На пытанне, ці чаканай была перамога, блогер сціпла адказвае, што нават не рэгістраваўся на гэты конкурс сам. І не ведае працэдуры, паводле якой туды можна трапіць. Між іншым, гэта яго другая намінацыя на The Bobs. Першая была ў 2010 годзе. Тады блог месціўся ў ЖЖ і пераможцам не стаў.

Але, па словах Віктара Малішэўска, The Bobs сярод блогераў — гэта тое самае, што намінацыя на "Оскар" у акцёраў: нават намінаванне пакідае след на рэпутацыі, не кажучы ўжо пра перамогу.

Разам з тым, аўтар antijournalist.by здзіўлены, што трапіў у намінацыю “Сайты і блогі на рускай мове”. На яго думку, гэтаму праекту месца ў намінацыі “Грамадзянская журналістыка”:

І хоць я ўсім кажу, што я не журналіст, а антыжурналіст, тэарэтычна, я ўпісваюся ў гэтую намінацыю, і там рашэнне было б за журы і галасаваннем”.

Па словах Малішэўскага, сайту “Такие Дела” (галоўны канкурэнт) ідэальна пасавала б намінацыя “Найлепшая ініцыятыва”.

Калі зірнем на конкурс гэтага года, блогераў там вельмі мала. Я быў адзіным блогерам-адзіночкам у сваёй намінацыі. Усе астатнія — гэта рэсурсы, вельмі падобныя на блогі, але яны збіраюць асобаў на адной пляцоўцы”.

 

Пра беларускую мову

 

На думку блогера, самому конкурсу вельмі бракуе намінацыі “Найлепшы сайт і блог на беларускай мове”. Да прыкладу, на ўкраінскамоўны сегмент інтэрнэту асобная намінацыя ёсць:

Я не хацеў, каб гэта было “папулісцкай заявай напярэдадні выбараў, — жартуе Малішэўскі. — Але працую над старонкай на беларускай мове. А на ўручэнні буду дамагацца, каб у наступным годзе там была намінацыя найлепшага сайта на беларускай мове. Дакладна, гэта дасць штуршок блогам”.

 

Пра свой блог

 

Калі зазірнуць у гісторыю праекта antijournalist.by, то ён пачаўся ў 2008 годзе з блога ў ЖЖ. Цяпер гэтая пляцоўка таксама існуе, але выкарыстоўваецца ўжо для іншых мэтаў.

Пра што піша мой блог? 80% артыкулаў — аналіз статыстычных дадзеных ці выказванняў чыноўнікаў. Кантэнт-аналіз пасланняў прэзідэнта, дэмаграфічная і іншая статыстыка. Я спрабую паглядзець на нейкую тэму не так, як робяць гэта ўсе навокал. Вось цяпер параўноўваю, колькі дзяржава выдаткоўвае на КДБ і на культуру. Як ні дзіўна, але гэта вельмі карэлюемыя лічбы”.

Малішэўскі кажа, што блог яшчэ сыраваты і далёкі ад таго, якім ён яго бачыць, і больш падобны на нататкі на палях.

 

Пра блогасферу і СМІ ў Беларусі

 

Блогасфера цяпер ідзе ў камерцыю. Гэта, можа, і кепска, але гэта таксама шлях развіцця, мяркуе Малішэўскі. У Амерыцы, да прыкладу, блогеры занялі дзве нішы — кінакрытыка і кулінарная крытыка.

На думку аўтара antijournalist, блогеры менш заангажаваныя за СМІ і нават патрэбныя медыям, каб праз іх гаварыць праўду.

Віктар Малішэўскі кажа, што хоць усе і прадказвалі рост колькасці блогераў і згасанне інтэрнет-СМІ, рэчаіснасць аказалася іншай. Блогеры папісалі і сышлі, бо ўсё адно патрэбу ў пастаянным заробку нікуды не падзенеш.

 

Пра страхі

 

Пераможца The Bobs-2016 гаворыць, што цяпер найбольш важна застацца самім сабой. “Больш за ўсё я баюся, што пачну пісаць як пераможца The Bobs”. Малішэўскі знянацку задае пытанне: “Вось цікава будзе зірнуць, як будзе далей граць Дзі Капрыё”.

Разам з тым, пераацэньваць ролю блогераў не варта: “Не блогер робіць рэвалюцыю, а рэвалюцыя блогера”, — падводзіць вынік Віктар Малішэўскі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі