Максім Суботкін прайграў суд супраць хакейнага клуба "Дынама-Мінск"

Максім Суботкін прайграў суд супраць хакейнага клуба "Дынама-Мінск"

Суд Цэнтральнага раёна Мінска адмовіў былому гендырэктару хакейнага клуба "Дынама-Мінск" Максіму Суботкіну ў задавальненні грамадзянскага пазову да клуба. Менеджар патрабаваў аднавіць яго на працы, і выплаціць грошы за час вымушанага прагулу, заробак, і грашовую кампенсацыю маральнай шкоды.

Суддзя Іван Майсейчык растлумачыў сваё рашэнне: суд атрымаў доказы таго, што Суботкін парушыў працоўны кантракт і статут, што пацягнула звальненне. "Парадак звальнення парушаны не быў. Акрамя таго, былі прапушчаныя тэрміны звароту ў суд", — перадае БелаПАН словы суддзі.

Прынятае рашэнне можа быць абскарджанае ў Мінскім гарадскім суд праз суд Цэнтральнага раёна.

Пазоў Суботкіна разглядаўся ў закрытым рэжыме з ініцыятывы прадстаўнікоў ХК "Дынама-Мінск". Яны патлумачылі гэта жаданне выключыць раскрыццё звестак, якія складаюць тайну папярэдняга следства.

Нагадаем, што Суботкін быў прызначаны гендырэктарам "Дынама" 25 красавіка 2013 года. Кантракт з ім скасавалі 20 ліпеня 2015 года па рашэнні агульнага сходу акцыянераў хакейнага клуба. Перад гэтым з'явіліся звесткі, што Суботкіна затрымлівалі праваахоўныя органы ў сувязі з праверкай фінансава-гаспадарчай дзейнасці клуба.

21 ліпеня Следчы камітэт паведаміў, што на Суботкіна пачалі крымінальную справу па падазрэнні ў злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі. Самога менеджара пры гэтым затрымалі.

Пазней начальнік галоўнага следчага ўпраўлення Следчага камітэта Алег Шандаровіч распавёў, што Суботкін без дазволу назіральнага савета клуба заснаваў ЗАТ "Маркетынг. Хакейны клуб "Дынама". Там ён прызначыў сабе штомесячны заробак у 45 млн рублёў, ведаючы, што таварыства не вядзе гаспадарчай дзейнасці. Таксама ён заключыў дамову з гэтым таварыствам на кансалтынгавыя паслугі для хакейнага клуба і пералічыў 400 млн рублёў. Пры гэтым усе неабходныя даследаванні праводзілі спецыялісты самога хакейнага клуба. Па словах Шандаровіча, на допыце Суботкін прызнаў прычыненне шкоды.

Фота: by.tribuna.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі