Вы тут

Макей: вынікі перамоваў па нафтавым пытанні з Польшчай могуць быць блізкім часам

Уладзімір Макей / Еўрарадыё

Вынікі беларуска-польскіх перамоваў па рэверсных пастаўках нафты могуць быць ужо бліжэйшым часам. Пра гэта міністр замежных спраў Уладзімір Макей заявіў пасля перамоваў з прадстаўнікамі польскага ўрада. Перамовы ў фармаце відэаканферэнцыі адбыліся 20 сакавіка. 

З польскага боку ў перамовах удзельнічалі міністр замежных спраў Польшчы Яцак Чапутовіч і ўпаўнаважаны ўрада Польшчы па пытаннях стратэгічнай энергетычнай інфраструктуры Пётр Наімскі

Беларускі дыпламат прызнаў, што з Пятром Наімскім абмяркоўваліся пытанні энергетычных паставак у Беларусь.

"Мы гаварылі пра канкрэтныя праекты. І ёсць разуменне, што неабходна рухацца далей. І вынікі могуць быць дасягнутыя бліжэйшым часам", — паведаміў Макей. Назваць канкрэтныя даты і аб'ёмы паставак ён адмовіўся. 

Праблемы з пастаўкамі нафты ў Беларусь пачаліся з 1 студзеня 2020 года. Буйныя расійскія кампаніі, незадаволеныя памерамі прэміі, адмовіліся ад паставак. Беларусь пачала перамовы з Польшчай наконт рэверсных паставак расійскай нафты. Акрамя таго, частку нафты наша краіна купляе ў Азербайджана, частку — пастаўляе група кампаній Міхаіла Гуцарыева "Сафмар". Таксама ў сакавіку пастаўкамі сыравіны ў Беларусь заняліся некалькі невялікіх расійскіх кампаніяў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.