Макеты замкаў ВКЛ для Парка мініяцюр надрукуюць на 3D-прынтарах

Макеты замкаў ВКЛ для Парка мініяцюр надрукуюць на 3D-прынтарах

27 жніўня адбудзецца прэзентацыя праекта першага ў Беларусі Парка мініяцюр, на якім размесцяцца макеты 30 сярэднявечных замкаў Вялікага княства літоўскага.

“Гэта будуць замкі, пачынаючы ад нашых топавых, то бок Мірскі, Лідскі, Крэўскі, Навагрудак і плюс яшчэ будуць Вільня, Меднікі, Гародня, Трокі… — распавядае ініцыятар праекта, дырэктар фонда "Краіна замкаў" Аляксандр Варыкіш. — То бок гэта будзе такое Беларуска-Літоўскае памежжа. Апроч замкаў, будуць храмы-крэпасці, вежы ды розныя знакавыя аб’екты накшталт Вострай брамы ў Вільні”.

Пад стварэнне парка выдзелены стары шляхецкі хутар ў вёсцы Радзевічы недалёка ад Гальшан. Гэтая тэрыторыя пераўтворыцца ў аб’ёмную карту ВКЛ з Нёманам ды Віліяй і ландшафтам, набліжаным да рэальнага. Плануецца, што замкі будуць маштабам 1:25, прыкладна ў чалавечы рост.

“Паводле дамоўленасці з ПРААН, да канца восені мусіць быць гатова дзесяць аб’ектаў, — працягвае Аляксандр Варыкіш. — А генеральнае вялікае адкрыццё парка будзе ў траўні-чэрвені 2017 года. Першыя 10 аб’ектаў будуць невялікія: Камянецкая вежа-крэпасць, храмы-крэпасці ў Сынкавічах, Мураванкцы, Камаях, дамы-замкі віленскага гараднічага Нонхарта у Гайцюнішках і Нарвілішках, замак у Любчы… то бок тыя аб’екты, што паменей”.

Стварацца мадэлі будуць з дапамогай 3D-прынтараў. Ужо ёсць дамоўленасць з беларускай кампаніяй на пастаўку моцнага прынтара, з вялікай працоўнай плошчай. На ім і будуць адлівацца вялікія аб’екты “Парка мініяцюр”. Цяпер фонд "Краіна замкаў" збірае грошы на гэтую справу з дапамогай платформы talaka.by. У залежнасці ад сумы ахвяраванняў, фонд абяцае усім удзельнікам зніжкі на свае экскурсіі ды паслугі аграсядзібы “Шляхецкая ваколіца”. А для юрыдычных асобаў размяшчэнне рэкламы на тэрыторыі парка.

“Нам выдзелілі тры гектары зямлі, але пакуль мы асвойваем толькі 1.5, — дзеліцца планамі Аляксандр Варыкіш. — Мы вырашылі ў першую чаргу запусціць гатычныя замкі. А на астатняй тэрыторыі, ужо пасля адкрыцця гэтай мы пяройдзем на Рэнесанс. Тады з’явяцца і Быхаў, і Смаляны, і Нясвіж. Мы вырашылі так зрабіць, каб развесці крыху перыяды. Ну і хочам запусціць гэтыя першыя 1.5 гектара, каб людзі ўжо ведалі, ездзілі да нас і такім чынам, каб быў абумоўлены далейшы сэнс працы над праектам”.

Прэзентаваць праект Парка мініяцюр будуць для ўсіх удзельнікаў экскурсіі “Замкі і паркі Віленскага краю”, якая ўключае наведванне Крэва, Гервятаў, Ашмянаў, Гальшанаў ды вёскі Радзевічы. Менавіта на месцы будучага парка плануецца ўрачыстае фінальнае мерапрыемства са старадаўняй музыкай, танцамі, шляхецкімі забавамі і адмысловым госцем, спеваком Змітром Вайцюшкевічам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі