Вы тут

МАК фармуе спіс сведкаў па справе беларускі Крысціны Ціманоўскай

Крысціна Ціманоўская / Reuters

Міжнародны алімпійскі камітэт фармуе спіс сведкаў па справе беларускай лёгкаатлеткі Крысціны Ціманоўскай. Пра гэта заявіў афіцыйны прадстаўнік арганізацыі Марк Адамс. Напярэдадні стала вядома, што распачата дысцыплінарнае разбіральніцтва. "Цяпер вырашаецца, хто павінен быць апытаны па гэтай справе, хто павінен быць пачуты, — цытуе словы Адамса ТАСС. — Працэс працягваецца".

Афіцыйны прадстаўнік МАК кажа, што плануецца выслухаць прадстаўнікоў беларускай дэлегацыі. "Ужо звязаліся з усімі спартсменамі не толькі з беларускай каманды, мы праводзім прыватныя гутаркі і з многімі іншымі атлетамі, цытуе словы Марка Адамса ria.ru. — Лічу, мы хутка адрэагавалі ў гэтай сітуацыі. Паглядзім, чым усё скончыцца, якія дысцыплінарныя меры могуць быць".

Беларускую алімпійку Крысціну Ціманоўскую, пасля крытычных выказванняў на адрас трэнераў з-за планаў задзейнічаць яе ў эстафеце 4 па 400 метраў, кіраўніцтва зборнай адхіліла ад Алімпіяды і паспрабавала адправіць на радзіму. Такое рашэнне, а таксама пагрозы абурылі спартсменку. З меркаванняў бяспекі, яна засталася ў Токіа і звярнулася па дапамогу ў МАК. Выбухнуў скандал, які застаецца ў цэнтры ўвагі сусветных СМІ. Ціманоўская цяпер знаходзіцца ў Варшаве. Чакаецца, што 5 жніўня будзе арганізаваная прэс-канферэнцыя з яе ўдзелам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.