Магілёўскі праваабарончы цэнтр зноў пад пагрозай закрыцця

 

Паводле кіраўніка гэтай структуры Аляксандра Маймусава, цэнтр парушыў заканадаўства і не падаў ва ўпраўленне юстыцыі дакументы, якія неабходныя для дзяржаўнай рэгістрацыі змены юрыдычнага адраса.  У загадзе адзначаецца, што праваабарончая арганізацыя з 5 снежня 2014 года не размяшчалася па адрасе, які пазначаны ў яе Статуце, бо дамова арэнды з ёй была скасаваная арэндадаўцам. Праваабронцы маюць месяц на тое, каб ліквідаваць парушэнні.

Дырэктар цэнтра Уладзімір Краўчанка падкрэслівае, што чыноўнікі ўжо не першы год спрабуюць зачыніць адзіную афіцыйна зарэгістраваную ў Беларусі рэгіянальную праваабарончую арганізацыю:

“Справа ў тым, што калі ў нас ішоў мінулы суд, яны выкручвалі ногі і рукі таму прадпрымальніку, які даў нам юрыдычны адрас. Яму прамым тэкстам сказалі: хочаш далей працаваць, значыць, МПЦ павінен страіць юрадрас. Ён напісаў ім паперу, што адмаўляе нам у арэндзе. Прайшоў месячны тэрмін і яны адразу выносяць нам папярэджанне, каб дзейнічаць надалей. Дамову арэнды я не скасоўваў, памяшканне, якое я атрымаў, я ім не перадаў. У выпадку датэрміновага скасавання дамовы арэнды неабходнае судовае рашэнне. Буду судзіцца. Упраўленне юстыцыі паказвае, што ім пляваць на закон, парадак і нормы заканадаўства. Ім самае галоўнае — закрыць арганізацыю”.

Старшыня праўлення цэнтра Барыс Бухель адзначае, што прычына, па якой арганізацыю хочуць ліквідаваць палягае ў яе праваабарончай дзейнасці.

“Улады пастаянна спрабуюць тым ці іншым чынам прыкрыць МПЦ, бо мы абараняем правы людзей. Падчас выбарчых кампаній мы выстаўляем сваіх назіральнікаў — гэта ім таксама не падабаецца. Праваабарона — гэта вечная апазіцыя да любой улады. Вось гэта і не падабаецца цяперашняй уладзе”.

Нагадаем, што апошні раз арганізацыю спрабавалі зачыніць у канцы мінулага года, аднак ужо падчас судовага пасяджэння праваабаронцы знайшлі новы юрыдычны адрас і Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Магілёўскага аблвыканкама адклікала свой іск. Як паказаў час — не надоўга. У бліжэйшы час праваабаронцы чакаюць шэрагу новых судовых пасяджэнняў.

Фота: Fotolia

Спецыяльна для праграмы Кардыяграма 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі