Магілёўскі гарвыканкам не дазволіў адсвяткаваць суверэнітэт Беларусі

Магілёўскі гарвыканкам не дазволіў актывістам апазіцыі павіншаваць магілёўцаў са святам незалежнасці і правесці інфармацыйныя пікеты на 19-ю гадавіну прыняцця Вярхоўным саветам БССР Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі. Чыноўнікі адмовілі ў заяве, пад якой падпісаліся 12 кіраўнікоў розных партый і аб'яднанняў горада. Пра гэта паведаміў Еўрарадыё Юрый Новікаў, адказны сакратар магілёўскай гарадской дэмакратычнай кааліцыі:

Новікаў: "Яны адмаўляюць на той падставе, што рашэннем гарвыканкама выдзелена месца для правядзення масавых мерапрыемстваў на вуліцы Чалюскінцаў ля будынка гарадскога палаца культуры і творчасці".

Гэта адзінае месца, якое выдзяліў гарвыканкам для правядзення акцый, у якіх не ўдзельнічаюць прадстаўнікі ўлады. Знаходзіцца яно ў прамысловай зоне на ўскрайку горада.

Дэмакраты будуць абскарджваць абодва рашэнні гарвыканкама, якія звужаюць месцы, дазволеныя законам аб масавых мерапрыемствах. Акрамя таго, рашэнні чыноўнікаў, кажуць магілёўскія дэмакраты, пярэчаць здароваму сэнсу, бо інфармацыйны пікет павінен праводзіцца там, дзе ёсць людзі. Апазіцыянеры прапаноўвалі ўладам разам правесці акцыю, але адказу не атрымалі.

Юрый Новікаў паведаміў Еўрарадыё, што пікетаў не будзе, але інфармацыйныя матэрыялы ў Магілёве ўсё адно распаўсюдзяць.