Магілёўскае прадпрыемства прадало будынак, каб выплаціць заробкі

Магілёўскі завод “Строммашына” апынуўся ў настолькі складаным эканамічным становішчы, што вымушаны быў прадаць свой адміністратыўны будынак. Ён быў арыштаваны за нявыплату закладу. Атрыманыя сродкі пойдуць найперш на пагашэнне завінавачанасці па заробках. Тут набралася даўгоў за 3-4 месяцы, перадае Радыё Свабода.

Пры гэтым заробкі на заводзе маленькія — ад 800 тысяч да 2 мільёнаў рублёў.

Адміністратыўны будынак “Строммашыны”, размешчаны ў цэнтры Магілёва, набыло за 31 мільярд рублёў упраўленне юстыцыі Магілёўскага аблвыканкама. Адметна, што іншых ахвочых набыць будынак не было. 10 мільярдаў пойдуць на выплату заробкаў, але прадпрыемства не спадзяецца выбрацца са сваіх праблем і падало заяву на банкруцтва. Суд адбудзецца 2 ліпеня.

“Строммашына” — адно з найстарэйшых прадпрыемстваў Беларусі. Выпускае машыны для вытворчасці будаўнічых матэрыялаў, горныя і будаўнічыя машыны, вежавыя краны.

З эканамічнымі цяжкасцямі прадпрыемства сутыкнулася ў 2013 годзе. Тады работнікі таксама наракалі на нявыплату заробкаў. Праблемы абвастрыліся, калі ў Расіі, дзе асноўныя гандлёвыя партнёры прадпрыемства, рэзка абвалілася валюта.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі