Маці памерлай у радзільні: Каця патэлефанавала і сказала, што нарадзіла лёгка

Маці памерлай у радзільні: Каця патэлефанавала і сказала, што нарадзіла лёгка

Кацярына Грышкевіч, якая раптоўна і недарэчна загінула ў маладзечанскай радзільні, раней не аднойчы там ляжала. І ўрачы павінны былі ведаць, якімі прэпаратамі яе лячыць, перакананая маці загінулай, Алена Уладзіміраўна.

Загадчыца радзільні і кіраўнікі Маладзечанскай Цэнтральнай раённай бальніцы не сталі каментаваць Еўрарадыё, з-за чаго ў іх загінула здаровая жанчына. Але куды больш іх абурыла меркаванне журналіста, што смерць здарылася падчас родаў. Псуецца статыстыка.

Аднак блізкім загінулай урачы павінны былі сказаць хоць нешта.

“Сказалі, што ўвялі ў вену антыбіётык — і тут жа здарыўся анафілактычны шок. Тлумачаць, што адзін шоўчык пасля родаў наклалі, і баяліся заражэння крыві. Гэта глупства! Роды прайшлі ж так лёгка! Навошта ўводзіць антыбіётыкі?” — не верыць медыкам мама загінулай Каці.

Маці памерлай у радзільні: Каця патэлефанавала і сказала, што нарадзіла лёгка
Кацярына з мужам Андрэем

Еўрарадыё: Роды сапраўды прайшлі лёгка?

Мама Каці: У 10 вечара дачка паехала ў бальніцу. А каля гадзіны ночы мне патэлефанавала, павіншавала з унукам. Была вясёлая, у гуморы, бадзёрая. Казала, што лёгка нарадзіла, без кропельніц. А другой ночы яна яшчэ з мужам па тэлефоне размаўляла, малыша фатаграфавала! А ў тры яна ўжо была мёртвая!

Еўрарадыё: Як сябе адчувае дзіця?

Мама Каці: Хлопчык здаровенькі, 3620 грамаў, 54 см. Увесь беленькі, прыгожанькі, шчочкі пухленькія. Усё, як паложана. І дачка добра нарадзіла. А потым узялі і нешта ёй укалолі…

Еўрарадыё: Ці расказвала дачка, якія прэпараты ёй уводзяць?

Мама Каці: Калі яна віншавала мяне са з’яўленнем унука, то сказала: “Цяпер ляжу, нешта мне капаюць”. Урачы потым запэўнівалі, што паставілі фізраствор. Я сумняваюся, што там быў толькі фізраствор. Я ж ведаю, як яны ставяць кропельніцы. Гадзіну капае, а потым трэба гукаць урачоў, каб падышлі і замянілі. Вось, відаць, яны прыйшлі праз гадзіну — а яна ўжо нежывая. Магчыма, ёй стала дрэнна, а дапамогі не было. Вось такімі вачыма я бачу ўсю гэтую карціну. Мне вядома, што цяпер праводзіцца праверка наконт увядзення аднаго прэпарата, які мог ёй не пайсці. Здаецца, гэта “Цэтразін”. Але ўрачы павінны былі ведаць пра тое, якія лекі ёй ідуць, якія — не.

“Навошта ўрачам медкарты? Здаровая жанчына памерла, а кажуць, што здарыўся нейкі анафілактычны шок!”

 

Алена Уладзіміраўна адзначае, што раней яе дачка не аднойчы бывала ў бальніцах. І нейкіх небяспечных інцыдэнтаў, звязаных з антыбіётыкамі, у яе не здаралася.

“Па-першае, раней яна ўжо нараджала, і ўсё было нармальна. Год таму яе лячылі ў 5-й клініцы ў Мінску. Была пазаматкавая цяжарнасць, усю трубу разарвала. Тры дні была ў рэанімацыі, ледзь не загінула. І ўрач тады яе выратавала, і калола тыя антыбіётыкі, якія трэба. І ведала, што калоць і як дапамагчы. Пасля з Мінска дачку адправілі далечвацца ў Маладзечна. І пасля яе смерці эпікрыз з пятай клінікі некуды знік. Ёй столькі перакалолі гэтых антыбіётыкаў! Раней алергія ў яе сапраўды здаралася: крапіўніца, ваніты. Але ж не памірала яна ад гэтага! Навошта ім тады медыцынскія карты? Здаровая жанчына памерла, а кажуць, што здарыўся нейкі анафілактычны шок! Да таго ж урач М., якая прымала роды, з Кацяй раней не аднойчы сутыкалася".

Маці памерлай у радзільні: Каця патэлефанавала і сказала, што нарадзіла лёгка
М. скончыла сталічны медыцынскі ўніверсітэт 7 год таму. У радзільні Маладзечна яе называюць маладым, але дасведчаным урачом

Еўрарадыё: Калі гэта адбывалася?

Мама Каці: Дачка шэсць гадоў спрабавала нарадзіць дзіця. На захаваннях некалькі разоў ляжала, ёй лекі капалі. М. яе назірала. Каця скардзілася, што ёй не падабаецца стаўленне ўрача. Дачка і плакала, вельмі хацела дзіця захаваць. А яна ёй на гэта: “Што вы тут плачаце? Як Бог вырашыць, так і будзе. Мы ж вам тут рукі не падставім”. Дык вы ж урачы! Вы ж павінны падставіць рукі ці хаця б не казаць такога жанчыне ў вочы. Дык вось дзіця выкарабкалася, а дачка пайшла на той свет. Хоць урач яе гісторыю павінна была на памяць ведаць: што ёй ідзе, што не ідзе. Навошта эксперыментаваць? Вы каліце тое, што калолі раней!

Еўрарадыё: Ці размаўлялі вы з гэтым урачом пасля смерці дачкі?

Мама Каці: Яна нават не выявіла жадання выйсці, каб прынесці нам прабачэнні. Усё так добра ішло, і ў самы рашучы момант, нават пасля гэтага моманту, здаровая жанчына пайшла на той свет, без маці засталіся двое дзяцей. Старэйшай дзяўчынцы — восем з паловай. Плача кожны дзень. Столькі лёсаў паламалася. І мой лёс таксама: перад пенсіяй засталася без дачкі. Трэба, каб на старасці дзеці былі побач, каб было, каму нас пахаваць, а не наадварот. І ў мужа Кацінага развалілася сям’я. Усім гора. Хацелася б, каб за такое каго-небудзь пакаралі. Хоць перажыць тое, што я, гэтым урачам не жадаю. Жадаю справядлівасці, але не такой цаной. Можа быць, гэта здарылася таму, што ў нас бясплатная медыцына? Таму можна так абыходзіцца з людзьмі і не несці адказнасці за іх жыццё…

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі