Маці і бацька паўтара месяца не могуць дамовіцца пра імя дачкі

Маці і бацька паўтара месяца не могуць дамовіцца пра імя дачкі

Мінчане Ірына і Аляксей не могуць зарэгістраваць паўтарамесячную дачку ў ЗАГСе, бо імя дзяўчынкі, якое прапаноўвае адзін, не падабаецца другому. А для рэгістрацыі дзіцяці, народжанага ў шлюбе, патрэбныя пашпарты абодвух бацькоў. Калі ў найбліжэйшы час пара не знойдзе кампраміс, жанчына, якая даведалася пра цяжарнасць пасля сыходу мужа з сям'і, застанецца без "дзіцячых" выплат і адпачынку па доглядзе дачкі.

У ЗАГСе Савецкага раёна кажуць, што з такой сітуацыяй сутыкаюцца ўпершыню:

"Дзіця трэба зарэгістраваць цягам трох месяцаў пасля нараджэння, але закон не забараняе зрабіць гэта і праз год. Іншая справа, што жанчына страціць дапамогу на дзіця, калі не зарэгіструе яго цягам шасці месяцаў. Паводле ўказу прэзідэнта №200, бацькі дзіцяці мусяць падаць пры рэгістрацыі нараджэння два пашпарты. Калі аднаго няма, ЗАГС піша адмову ў рэгістрацыі нараджэння праз недахоп дакументаў. Гэтую адмову яны могуць абскардзіць ва ўпраўленні юстыцыі. Там прымаюць нейкае рашэнне. Калі адмова — то трэба ісці ў суд. Але такога яшчэ не было. Звычайна бацькі знаходзяць агульную мову".

Пакуль бацькі клеяць разборкі, дзіця не мае юрыдычнага статусу. Хаця падаецца, няўжо ў свеце не знайшлося жаночага імені, якое б падабалася абодвум бацькам дзяўчынкі?

Версія Ірыны:

"Я назвала дзяўчынку Вестай. А Аляксею не падабаецца значэнне імені, ён прачытаў, што гэта будзе актыўнае дзіця, якое будзе ўсімі камандаваць. А насамрэч Веста — гэта багіня хатняга ачагу. Учора ў перапісцы я 19 разоў задала яму пытанне, як ён хоча назваць дзіця. Ён не адказаў ні разу.  Юрыдычна я замужам. І "муж", які пражывае асобна амаль год, не дае пашпарт для рэгістрацыі дачкі, матывуючы гэта тым, што імя я з ім не ўзгадніла. Так ён бегае ўжо месяц.

Узнікае комплекс праблем: я не магу паставіць дзіця на чаргу ў дзіцячы садок, не магу атрымліваць усе паслугі ў паліклініцы, дзіця нідзе не прапісанае. У найбліжэйшыя дні заканчваецца мой адпачынак па цяжарнасці і родах, то бок мне трэба альбо выходзіць на працу, кінуўшы дзіця незразумела на каго, альбо мяне звольняць, калі не выйду. Бо пайсці ў адпачынак па доглядзе дзіцяці я не магу — няма пасведчання аб нараджэнні дзіцяці. На дзіця я не магу атрымліваць грошы, бо дачкі юрыдычна не існуе.

У розных інстанцыях нам прапануюць дамовіцца. Маўляў, усё разумеем, але дапамагчы не можам".

Маці і бацька паўтара месяца не могуць дамовіцца пра імя дачкі

Версія Аляксея:

"Першапачаткова ў нас была дамова, што сына называе яна [у пары ёсць старэйшы хлопчык. — Еўрарадыё], а дачку — я. Цяпер Ірына ў прынцыпе адмаўляе наяўнасць такой дамовы.

Яна прапанавала тры варыянты імені для дзіцяці. Адно двайное, але з улікам таго, што ў дзіцяці яшчэ і двайное прозвішча будзе... Гэта трэба дадаць яшчэ двайное імя па бацьку, і будзе вясёлае жыццё. Гэта немагчыма. Другі варыянт — Магдаліна. Што гэта за гістарычны персанаж і з чым ён звязаны, тлумачыць не трэба. Трэцяе — Веста. Я прачытаў у інтэрнэце яго значэнне і напісаў, што супраць гэтага імені. Калі так назваць дзяўчынку, у яе могуць быць псіхалагічныя праблемы.

Прапанаваў Ірыне, каб яна даслала восем імёнаў, якія ёй падабаюцца. Я іх праглядаю, выбіраю тры, з якіх яна выбірае канчатковы варыянт. Не пагадзілася. Я прапанаваў восем імёнаў, якія мне падабаюцца. Гэта Алеся, Алёна, Валерыя, Вераніка, Вікторыя, Дыяна, Яўгенія, Сафія. Яе яны таксама не задаволілі. Пытанне, як будуць называць маё дзіця, прынцыповае. Я неаднойчы ёй даводзіў, што гатовы дамаўляцца, каб вынік задаволіў абодва бакі. Я гатовы ісці на канфлікт".

Маці і бацька паўтара месяца не могуць дамовіцца пра імя дачкі

Версія юрыста:

"Тут адзін варыянт — зварот у суд з позвай аб устанаўленні бацькоўства. Калі бацька ад бацькоўства не адмаўляецца, тады аб устанаўленні імені дзіцяці. У маёй практыцы такога  яшчэ не было".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі