Людмілу Атакулаву аштрафавалі на 1 млн 225 тыс. рублёў

Актывістку моладзевага дэмакратычнага руху Людмілу Атакулаву прысудзілі да штрафу ў 1 млн 225 тыс. рублёў (35 базавых велічынь). Такое рашэнне вынес 9 красавіка гарадскі суд Полацку, паведамляе БелаПАН. Суд прызнаў дзяўчыну вінаватай у парушэнні парадку арганізацыі або правядзенні масавага мерапрыемства або пікетаванні (артыкул 23.34 КаАП).

Нагадаем, каля будынка гарадскога суда Полацку 8 красавіка, дзе праходзіў працэс па справе актывісткі моладзевага руху Касяй Салаўёвай (яе вінавацілі ў дзейнасці ад імя не зарэгістраванай у Беларусі арганізацыі "Малады фронт"), адбылася акцыя ў яе падтрымку. Каля дзясятка маладых людзей у знак салідарнасці з падсуднай пачалі скандаваць лозунгі "Каця, мы з табой!" і "Верым! Можам! Пераможам!". Супрацоўнікі міліцыі спрабавалі спыніць акцыю, аднак маладыя людзі, сашчапіўшыся рукамі, селі на зямлю.

Людміла Атакулава была затрыманая ў машыне на выездзе з Полацку. Яе спадарожнікаў адпусцілі пасля праверкі дакументаў. Сама яна правяла ноч у ізалятары часавага ўтрымання ў Наваполацку.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі