"Ляжаць на зямлі і спадзявацца": інтэрв'ю з хасідам на беларускай мяжы

Маленькі хасід каля пункта пропуску "Новыя Ярылавічы"  / Reuters
Маленькі хасід каля пункта пропуску "Новыя Ярылавічы"  / Reuters

— Гэта паломніцтва вышэй за ўсё. Ужо дзвесце гадоў хасіды ездзяць ва Умань. Яны гатовыя траціць час і ўсе свае грошы, ехаць месяцамі — галоўнае трапіць ва Умань на наш Новы год.

Я скажу з упэўненасцю на 99 %, што мяжу [Украіны] у гэтым месяцы закрылі толькі з-за нас, каб мы не маглі туды патрапіць. Так лічу не толькі я, а ўся наша абшчына ў гэтым упэўненая.

Шымон — адзін з тысяч габрэяў-хасідаў, якія захраслі на беларуска-ўкраінскай мяжы. У Беларусь ён прыляцеў з Францыі — там малады чалавек выкладае Тору. А цяпер знаходзіцца на пункце пропуску "Новая Гута" — і ўсё яшчэ спадзяецца трапіць ва Умань, дзе знаходзіцца магіла цадзіка Нахмана, аднаго з духоўных настаўнікаў хасідаў.

Габрэі, якія адносяць сябе да прадстаўнікоў брацлаўскага хасідызму, імкнуцца хоць раз у жыцці прыехаць да магілы Нахмана на Рош ха-Шана — габрэйскі Новы год. Шымон верыць, што ўкраінцы спецыяльна паскудзяць хасідам, каб сарваць такое важнае для іх мерапрыемства.

— Мы разумеем, што віной гэтаму не пандэмія. Мы ж не гаворым, што няма пандэміі. Яна ёсць, але і мы мелі намер выконваць усе правілы. Але тут прычынай была не пандэмія, а проста палітыка. Вялікія групы людзей знаходзяцца тут ужо тры тыдні. Ніхто не хварэе, ні ў кога няма тэмпературы.

У гэтым годзе Украіна наадрэз адмовілася прапускаць хасідаў. Наведванне краіны замежнікамі з 28 жніўня па 28 верасня забаронена з-за пандэміі каранавіруса. Забарона тычыцца ўсіх жадаючых трапіць ва Украіну.

“Ляжаць на зямлі і спадзявацца”

Паломнікі спрабуюць трапіць ва Умань усімі спосабамі, нават незаконнымі. Напрыклад, 18 верасня для перасячэння мяжы з боку Румыніі яны скарысталіся дапамогай двух грамадзян Украіны. Памежнікі затрымалі там семярых хасідаў.

“Лежать на земле и надеяться”: интервью с хасидом на белорусской границе
Затрыманыя хасіды / dpsu.gov.ua

На што разлічвалі хасіды? Бо яны ведалі пра закрыццё межаў. Ды і пра тое, што па прыбыцці ў Беларусь трэба два тыдні правесці на самаізаляцыі, інфармацыі ў інтэрнэце таксама дастаткова.

— Ва Украіну разлічвалі трапіць праз Беларусь. У Малдавіі не пускаюць, у Румыніі не пускаюць, у Венгрыі таксама не пускаюць. Толькі праз Беларусь, — распавядае Шымон. — Мы ведалі, што Украіна закрыла межы, але да таго былі вельмі доўгія перамовы. У выніку нам сказалі, што нас пусцяць і мы будзем святкаваць. Былі пэўныя правілы: па два чалавекі ў пакоі, толькі з маскамі і г.д. Увогуле, вельмі шмат правілаў. Але мы на ўсё-ўсё пагадзіліся. Галоўнае, каб нам дазволілі святкаваць ва Украіне.

І вось пасля ўсіх гэтых доўгіх перамоў хтосьці там здаў назад. Нас не хочуць пускаць, зачынілі мяжу. Але была надзея. І да гэтага часу гэтая надзея ёсць: раптам яны зразумеюць? Мы ж не прыязджаем ва Украіну, каб камусьці нашкодзіць. Мы прыязджаем кожны год, тут пражываем, гэта ж добра для эканомікі. Мы молімся за мір ва Украіне. Не ведаю, чаму яны вырашылі нас не пусціць.
 

“Лежать на земле и надеяться”: интервью с хасидом на белорусской границе
Хасіды на мяжы з Украінай / dpsu.gov.ua

У хасідаў, якія апынуліся перад шчытамі ўкраінскіх памежнікаў, не было з сабой нічога, што дазволіла б правесці на мяжы доўгі час.

— Першапачаткова мы мелі намер проста ляжаць на зямлі і спадзявацца, што нас пусцяць. Хацелі так ляжаць два – тры дні. Але, дзякуй Б-гу, прыехаў Чырвоны Крыж і беларускія вайскоўцы. Яны прывезлі палаткі, ежу. Паставілі аўтобусы, каб мы маглі зарадзіць тэлефоны. Усё самае неабходнае нам прывезлі.

З украінскімі памежнікамі канфліктаў не было. Можа хтосьці кагосьці і хацеў правакаваць, але ў выніку ўсё абышлося добра. З беларускімі памежнікамі наогул ніякіх праблем не ўзнікла, — дзеліцца Шымон.

Проста так здавацца хасіды не збіраюцца

— Мы будзем чакаць да вечара 18 верасня. Потым, калі нас не пусцяць, прыйдзецца святкаваць тут. Тут, вядома, вельмі добра і камфортна, але мы сюды не адпачываць прыехалі. Адпачываць мы, можа быць, прыедзем праз месяц ці два — зараз мы ўжо ведаем, што такое Беларусь. Мы, напэўна, будзем прыязджаць сюды адпачываць. Але на дадзены момант мы прыехалі сюды, каб маліцца на магіле нашага праведніка, і, на жаль, яна знаходзіцца ва Украіне. Калі нас туды не пусцяць, то будзем святкаваць тут.

Хасіды ў мінскім аэрапорце

Многія з паломнікаў, што прыехалі, у Беларусі ўпершыню, і, нягледзячы на неспакойныя часы ў краіне, першыя ўражанні ад беларускага прыёму ў хасідаў станоўчыя.

— Трапіць у Мінск аказалася вельмі лёгка. Калі прылятаем ва Украіну, то заўсёды вельмі складана: перашкаджаюць, затрымліваюць, патрабуюць хабар. А тут вельмі лёгка і прыгожа, так прыгожа гасцей прымаюць. Вельмі прыемна, і ўся наша абшчына вельмі здзіўленая. Я ў Беларусі першы раз, большасць з нас тут упершыню. Чаму мы дагэтуль не ведалі пра беларускі народ?

“Лежать на земле и надеяться”: интервью с хасидом на белорусской границе
"Хасіды не абслугоўваюцца!" — украінская шыльда / hromadske.ua

У канцы гутаркі хлопец яшчэ раз дзякуе беларусам і, у прыватнасці... Аляксандру Лукашэнку. Кажа, хасіды хацелі б з ім сустрэцца асабіста, але Шымон лічыць, што гэта будзе складана ажыццявіць.

— Прадстаўнікі нашай арганізацыі будуць вельмі рады сустрэцца з кім-небудзь з беларускага міністэрства ці асабіста з беларускім кіраўніком. Хочам выказаць падзяку за дапамогу. Падзяку за тое, што ён нас падтрымліваў у такі цяжкі момант.

15 верасня Лукашэнка даручыў ураду Беларусі звязацца з украінскім бокам і дамовіцца аб пропуску хасідаў на тэрыторыю Украіны. Міністэрства замежных спраў Украіны, у сваю чаргу, звярнулася да беларускіх памежных службаў з просьбай не афармляць выезд ва Украіну іншаземцам і асобам без грамадзянства, паколькі гэта супярэчыць пастанове ўкраінскага ўрада.

У 2020 годзе габрэі святкуюць Рош ха-Шана з 18 па 20 верасня.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі