Вы тут

Лявон Вольскі: Калі будуць магчымасці пакарыстацца чарговай адлігай, паспрабуем

Днямі ўбачыў свет новы альбом Лявона Вольскага “Псіхасаматыка”. Расслухаўшы дыск, мы вырашылі запрасіць музыку і спытаць у яго пра ўсе акалічнасці, звязаныя з новай працай, а таксама з будучай канцэртнай прэзентацыяй у Вільні.

Еўрарадыё: Ці задаволеныя вы вынікам? Ці ёсць штосьці такое, што хацелася б змяніць на новым альбоме?

Лявон Вольскі: Я звычайна крытычна стаўлюся да сябе і сваёй творчасці. Але пасля выхаду альбома творца, безумоўна, задаволены. Хаця б таму, што ён выйшаў. Бо ўсё ў жыцці бывае, бывае, што і не выходзяць альбомы. Водгукі, безумоўна, розныя, але яны і павінны быць рознымі. Мне так падаецца, што гэты альбом, можа быць, не на такую юную аўдыторыю. Таму, магчыма, ад гэтай аўдыторыі і будуць паступаць нейкія рэкламацыі. Хоць насамрэч я і не ведаю. Паводле таго, што я адсочваю ў інтэрнэце, водгукі сапраўды вельмі розныя, і гэта добра.

Еўрарадыё: Але ці ёсць нешта, што хацелася б змяніць? Вось вы пачулі гэтыя водгукі і думаеце: так, сапраўды!

Лявон Вольскі: Не! Гэта скончаная праца. У наступных працах, можа быць, нешта будзе мяняцца. А тут усе цаглінкі стаяць на сваім месцы.

Еўрарадыё: Альбом складаецца з двух дыскаў: адзін цяжкі, другі больш лёгкі. Вам не падаецца, што гэтыя дыскі для дзвюх розных аўдыторый?

Лявон Вольскі: Я не маніторыў адмыслова аўдыторыі. І гэты альбом зусім не камерцыйны, не было стаўкі на нейкія хіты, на нейкую папсовасць, проста рабілася тое, што хацелася рабіць. І ад пачатку гэта зусім не камерцыйная ідэя, аб’яднаць дзве розныя працы паводле гучання і паводле падыходу. Таму што першая ўрбаністычная частка “Горад” атрымалася нахабнай па падыходзе, па вакальным, прынамсі. Другая зусім іншая. Атрымалася, нібыта спяваюць два розныя чалавекі. Яно так і атрымалася ў жыцці, што спявалі розныя чалавекі. Рабілася, як хацелася рабіць, ніякага разліку на пэўную аўдыторыю не было.

Еўрарадыё: Не баіцеся, што людзі падзеляць дыскі: для некага адзін будзе запатрабаваны, а другі будзе ляжаць, пыліцца…

Лявон Вольскі: Дык няхай так і будзе. Я толькі за. Я чытаў водгукі на форумах. Палова на палову. Палова кажа, што я не аматар цяжкай музыкі, таму мне пасуе другая частка і наадварот.

Размова з Лявонам Вольскім у студыі Еўрарадыё, поўная відэаверсія

Еўрарадыё: Пытанне ад слухачоў: “Белы снег, шэры лён”. Чаму раптам адсылка да Цоя?

Лявон Вольскі: У Цоя не лён! У сваёй творчасці я часта цытую. Магчыма, ужо не модны такі постмадэрнізм. Але ўсё адно я і цытую, і змяняю цытаты, таму можа быць так. Гэта не наўмысна зроблена. Проста ў мяне быў такі памер, які ў нечым супадаў з цоеўскім, таму я вырашыў скарыстаць цоеўскія напрацоўкі пра белы снег. Тым болей, што была ранняя зіма, як цяпер, я сядзеў у вёсцы, пісаў другую частку альбома, быў снег… лён…

Еўрарадыё: Чарговае пытанне ад слухача: калі б Лявону ў 1998-м пасля выхаду альбома “Пашпарт грамадзяніна N.R.M.” далі паслухаць альбом “Псіхасаматыка”, то што б ён сказаў?

Лявон Вольскі: Гэта немагчымая сітуацыя, вы ж разумееце. Каб гэта было, каб здарылася так або гэтак — такога не можа быць. У паралельнай рэчаіснасці, можа быць, гэта і было б магчыма, але ў нашай — не. Калі б мне далі паслухаць, то я б сказаў: “Навошта зрабілі два альбомы? Хапіла б цяжкага”. Спытаў бы яшчэ, дзе запісваліся: “У нас?!”.

Еўрарадыё: Часта публіка выбірае за хіты адны песні, а самі музыкі любяць іншыя. Якая для вас самая любімая песня, а якую вы лічыце самай хітовай?

Лявон Вольскі: Я зусім не выбіраю песні паводле ўлюбёнасці і хітовасці. Як толькі рэліз адбыўся — усе любімыя! Потым канцэртная дзейнасць пакажа, што граецца, а што не граецца. Паводле маіх інтэрнэт-назіранняў, для розных людзей абсалютна розныя любімыя песні. Напрыклад, я ніяк наогул не ставіў на песню “Жорны”, але частка людзей схіляецца, што гэта суперхіт. А я не разумею, што там такога хітовага. Мне здаецца, і паводле тэксту і паводле музыкі, гэта такая альтэрнатыўная песня.

Еўрарадыё: Калі б дыск запісвалі не нарвежскія музыкі, а беларускія, якім бы ён быў?

Лявон Вольскі: Былі б больш насычаныя музычна аранжыроўкі, былі б уходы ў розныя брыджы, сола, яшчэ кудысьці. Мне здаецца, што для цяперашняй маёй творчасці гэта не патрэбна. Такая мінімалістычнасць і ўпарадкаванасць Снорэ (Снорэ Бергеруд — нарвежскі саўнд-прадзюсер, мультыінструменталіст, які запісвае сольныя альбомы Вольскага. — Еўрарадыё) мне вельмі пасуе ў маім цяперашнім узросце.

Еўрарадыё: А чаму менавіта нарвежскія музыкі? Там жа край металістаў, а ваша творчасць для іх — як жэстачайшая папса…

Лявон Вольскі: Справа ў тым, што Снорэ — сапраўдны прадзюсар. Ён улічвае мае пажаданні. Час ад часу ўлічвае, час ад часу змяняе. Напрыклад, я дасылаю яму не толькі мелодыю з тэкстам і гармоніяй, а магу даслаць і нейкі ход. Ён можа яго ўлічыць, як, напрыклад, у песні “Дом” або “Мне трэба ісці”. У песні “Жорны” той мой ход, што я яму даслаў, ён расклаў на нейкія складнікі і з іх зрабіў новы ход. Вось так часта бывае. Снорэ — мультыстылёвы чалавек. Хоць сам ён калісьці граў авангардны метал.

Еўрарадыё: Тым не менш, няўжо няма ў нас музыкаў, якія б маглі таксама так мінімалістычна сыграць і добра запісаць?

Лявон Вольскі: Музыкі ёсць, але няма… Я звычайна не люблю дыктаваць нейкіх умоваў. Мне падабаецца, калі ідзе творчы працэс і калі прысутнічаюць рысы агульнай творчасці. Безумоўна, калі трэба, я магу і прыгнесці чалавека, але збольшага, калі ўсе ствараюць, мне гэта вельмі падабаецца. Мая задача зрабіць так, каб усім здавалася, што гэта яны зрабілі разам, а не насядаць, прыгнятаць. І таму былі б нейкія там, як пісалася ў славянскім эпасе “разліваўся мыссю па дрэве”. А гэта на сёння для мяне было б лішнім.

Еўрарадыё: Зноў пытанне ад чытачоў: Лявон, чаму б вам не ўзяць на віленскі канцэрт “Дзецюкоў”?

Лявон Вольскі: З віленскім канцэртам і так цяжкавата, таму што я і так найграў столькі падпольных акцый, дзе выпадкова з’яўляўся з мікрафонам і гітарай у розных месцах. Потым з тымі ж самымі “Дзецюкамі”, якіх я паважаю і люблю, мы з’явіліся на “Партызан-року” у Варшаве, дзе таксама было вельмі шмат нашай публікі. Тут як бы канцэрт не мае патрэбы ў нейкім такім разагрэве. Паверце мне. Тут павінна ўсё быць зроблена канцэптуальна, стылёва. Няхай даруюць мне “Дзецюкі”.

Еўрарадыё: Яшчэ адно пытанне ад слухачоў: Чуў, што вы наладжвалі гітары ў гурце Zet. Ці ёсць якія навінкі ад іх?

Лявон Вольскі: Ад Zet пакуль няма ніякіх навінаў, але мы паглядзім. Ёсць жа такія фармацыі, якія на некалькі гадоў знікаюць, потым зноў узнікаюць. Ніхто ж не казаў пра спыненне дзейнасці. Гэта ж такая зусім падпольная, партызанская каманда. Магчыма, дзе-небудзь і калі-небудзь яна ўсплыве. Калі мне патэлефануюць з просьбай паналаджваць гітары, я вазьму цюнер і пайду.

Еўрарадыё: Зноў пытанне ад слухачоў: Ці будзе магчымасць набыць дыскі (сам фізічны носьбіт) у Мінску да канцэрта ў Вільні?

Лявон Вольскі: Хацелася б зрабіць такую прэс-канферэнцыю з дэманстрацыяй пад акустыку пары песень і хацелася б, каб там з’явіліся, як вы гаворыце, фізічныя носьбіты. Але чалавек “прэдпалагает”, а Бог самі ведаеце што… Таму хочацца верыць, што дакладна кружэлкі будуць на канцэрце, а бліжэй — там ужо паглядзім.

Еўрарадыё: Наступнае пытанне ад слухачоў: альбом "Псіхасаматыка" атрымаўся надзвычай асабістым. Праз некаторыя песні моцна прарываецца ўнутраны боль. Ці не страшна было так глыбока ўпускаць вонкавага слухача ў сваю душу? І яшчэ вялікі дзякуй за гэтыя тэксты. Я не ведаю, як вы іх пішаце, яны вартыя 10 нобелеўскіх прэмій — гэтыя алюзіі, гэтыя адсылкі да літаратуры, музыкі і кіно, гэтыя эпітэты — уаў! Як гэта ўсё сапраўды прыходзіць у галаву?

Лявон Вольскі: Па-рознаму здараецца. Нейкія фільтры і бар'еры ставіць не выпадала, так напісалася ды і ўсё. А наконт цытатаў, я ўжо казаў пра постмадэрнізм: я заўсёды гэтым грашыў. У гэтым альбоме, можа быць, іх болей, таксама не ведаю, чаму. Дзякуй, насычаныя тэксты, так.

Еўрарадыё: Зноў пішуць слухачы: у адной з песень "Псіхасаматыкі" ёсць радкі "Герой чакае свой прыз". А ці чакае герой Лявон Вольскі нейкі свой прыз ці ўзнагароду, і што б ён аднёс да прыза?

Лявон Вольскі: Ну, хіба б Нобелеўскую прэмію па літаратуры. Я ж таксама выступаю з гітарай і гармонікам часта. Вось пачаў больш наварочваць у тэкстах. Усё ідзе ў той бок.

Еўрарадыё: То бок, узбагачаеце вялікую беларускую песенную культуру. З такой фармулёўкай выйграеце Нобеля...

Лявон Вольскі: Так. Правільна вы сказалі. Я запомню гэта (смяецца).

Еўрарадыё: Наступнае пытанне ад прыхільнікаў: якім складам будзе грацца другая частка канцэрта, у якой гучаць старыя вашы песні? І ўвогуле, колькі частак будзе?

Лявон Вольскі: Частак будзе дзве. Першая — спакойная больш-менш, меладычныя і лірычныя песні з "Грамадазнаўства" і з "Псіхасаматыкі" , дзе я выступаю як, прабачце, сонграйтар (смяецца). Як Снорэ мяне акрэсліў: "Тут ты панк, а тут — сонграйтар". А ў другой частцы будзе ўсё астатняе, і гэтыя, прабачце мне гэтыя словы, хіты неўміручыя ўсіх часоў і народаў. А граць гэта ўсё будзе адзін склад. Гэта нарвежскія музыкі і нязменны басіст Алесь-Францішак Мышкевіч. Звычайна наша каманда заўсёды канцэптуальна падыходзіла да шоу. Не проста прыйшлі, сыгралі і пайшлі, а тут будзе шмат усяго, я не магу раскрываць цяпер, што менавіта, але будзе візуалізацыя, за якую адказны Мацвей Сабураў і мясцовы шэф Арвідас. Дарэчы, у нас не толькі з нарвежцамі шчыльнае супрацоўніцтва, але і з літоўскімі дызайнерамі. Напрыклад, Юсця рабіла і фотасесію, і тызер. Нельга забыцца таксама на Ігра Назаранку і Змітра Безкаравайнага.

Еўрарадыё: Пытанні працягваюць сыпацца: каго з беларускіх музыкаў вы слухалі апошнім часам?

Лявон Вольскі: "Дзецюкоў" і Brutto на канцэрце ў Варшаве (смяецца). А так, мне шмат што падабаецца ў беларускай музыцы, я проста заўсёды ў тупіку ад такіх пытанняў, бо калі некага не ўзгадаю, дык скажуць: "Казёл! Такую значную брыгаду не назваў". Вельмі шмат у беларускай музыцы цяпер цікавага і абяцальнага, адно што, сітуацыя не вымагае развівацца гэтаму ўсяму ўжо доўгія гады. Чакаем. Раптам нешта здарыцца.

Еўрарадыё: А каго з замежных музыкаў слухаеце?

Лявон Вольскі: Класічнае слухаю.

Еўрарадыё: Баха?

Лявон Вольскі: Пятую сімфонію Бетховена (смяецца).

Еўрарадыё: Паведамленне прыйшло па-польску: калі будзе канцэрт з новай пласцінкай у Варшаве? Альбом супер!

Лявон Вольскі: Была прапанова адразу пасля віленскай прэзентацыі зрабіць варшаўскую. Але мы не можам так заблытваць публіку: ехаць у Вільню, а потым адразу ў Варшаву. Мы паспрабуем, безумоўна, зрабіць у Варшаве. Магчыма, бліжэй да вясны прыедзем.

Еўрарадыё: Ці крыўдлівы вы па натуры і што вас можа пакрыўдзіць?

Лявон Вольскі: Я цяпер значна менш крыўдлівы, чым дзесяць гадоў таму. Раней мяне мог пакрыўдзіць камент у інтэрнэце. Я думаў, як гэта так, я ўсім сэрцам тут пішу вам, аддаю гэтыя песні, а вы пішыце: "Ай, абы-што". Цяпер, калі я чую канструктыўную крытыку, я гатовы гэта ўспрыняць. А ўвогуле, я намагаюся ніколі не крыўдаваць ні на каго і ні на што, бо гэта вельмі кепская звычка. Бо калі ты пакрыўдзіўся, ты будзеш вінаваты заўсёды.

Еўрарадыё: Майстарынг альбома вы рабілі ў Лондане. Працаваў з гэтым Джэймі Гомес Рылана. Ён яшчэ і бубнач гурта "Пурсэн", і, гледзячы па праглядах у інтэрнэце, гэта такі неслабы гурт. Як вы знайшлі гэтага чалавека?

Лявон Вольскі: Яны ўсе, Снорэ, Джэймі, бубнач Сіндрэ, вучыліся ў Ліверпулі ў навучальнай установе Пола Макартні. І яны працягваюць, не так, як нашы — разбегліся і толькі стэлефаноўваюцца: "Ну, што калі вып'ем?". А яны працягваюць рабіць нешта на адлегласці.

Еўрарадыё: Ці не плануеце падацца ў палітыку, у дэпутаты, як гэта зрабіў Вакарчук?

Лявон Вольскі: Дэпутаты ж гэта так, кантраляваць культуру, больш даваць субсідыяў на гэтую дысцыпліну. Але я не збіраюся. Мне гэта не цікава. Але як будзе далей, не ведаю. Проста цяпер я здольны рабіць у гэтай сваёй справе, якой я займаюся, а я займаюся рознымі творчымі справамі і мне бракуе часу на іх. А яшчэ даплюсоўваць палітыку сюды... Калі займацца палітыкай, то ні на што ўжо часу больш не будзе, бо трэба то сядзець, то пратэставаць, то ездзіць па замежных форумах. Вельмі занятыя людзі.

Еўрарадыё: І зноў слухачы: ці не пішаце раптам наступную кнігу, магчыма, аўтабіяграфію?

Лявон Вольскі: Я пачаў пісаць кнігу і там, як у вялікіх формах, якія я імкнуся пісаць, ёсць пэўны аўтабіяграфічны момант.

Еўрарадыё: Ці будзеце вы далей з'яўляцца на "на выпадковых" канцэртах у Беларусі?

Лявон Вольскі: Гэты флёр выпадковасці і партызаншчыны вельмі цікавы. Мы ж не падавалі гастрольку. Як казалі, так і не падавалі. А цяпер, калі будзе нейкае паслабленне, мы ўсё адно пакарыстаемся гэтым. Бо вельмі шкада, калі людзі мусяць у такой колькасці выязджаць, напрыклад, у Варшаву, куды даехаць не так і проста, гэта далёка. Таму на цяперашні мой розум, неразумна, калі ёсць магчымасць, пазбаўляць народ творчасці, калі народ імкнецца пачуць гэта. Калі будуць нейкія магчымасці пакарыстацца чарговай адлігай, паспрабуем.

Новости других медиа
Загрузка...
Загрузка...

Галоўнае

Выбар рэдакцыі

Фота: федеральныеновости.рф