Вы тут

Лявон Вольскі: Раней музыкі ядналіся, а цяпер кожны сам за сябе

4 верасня ў Падляшскай оперы ў Беластоку адбудзецца вялікі юбілейны канцэрт, прымеркаваны да 20-годдзя музычнага праекта “Народны альбом”. Напярэдадні святочнага выступу ў студыю Еўрарадыё завітаў адзін з аўтараў праекта Лявон Вольскі. Музыка ўзгадвае пра стварэнне альбома, першыя выступы з ім і разважае пра верагоднасць з’яўлення новай падобнай з'явы.

Еўрарадыё: Хто ўдзельнічае ў праекце гэтым разам? Тыя ж музыкі, якія бралі ўдзел і ў запісе альбома?

Лявон Вольскі: Не! Некаторых музыкаў не будзе. Асноўны склад — гурт Apple Тea. Але джазу ў “Народным альбоме” не дадалося. Хіба толькі ў “Бойцы на лузе”, напрыклад, могуць быць лёгкія джазавыя інтанацыі. Альбо лёгкая блюзавая інтанацыя ў “Я да жалю не пан”. Паверце, яны ўмеюць па-рознаму іграць, і граюць добра, роўна, класна і зладжана. З Apple Тea бас-гітара, гітара, бубны і клавішныя. Дадаліся тры бэк-вакалісткі, габой, кантрабас, альт і скрыпка. Сяргей Ахрамовіч застаецца са сваім баянам. Сяргей Канановіч будзе граць на мандаліне. У некаторых песнях граюць адзін-два інструменты, а ў некаторых — увесь склад, але гэта і ёсць твар народнага альбома, калі вы не забыліся.

Еўрарадыё: А аранжыроўка, форма застанецца той жа самай, ці стане больш сучаснай?

Лявон Вольскі: А ў нас ніколі не было дакладнай аранжыроўкі. Хіба толькі калі мы рыхтаваліся да запісу. А для канцэртаў увесь час аранжыроўка змянялася, бо збіраліся музыкі і было не цікава граць аднолькава… Карацей, на рэпетыцыях імправізавалі, а на канцэртах гралі падрыхтаваную імправізацыю.

Еўрарадыё: Будуць строі, сцэнаграфія?..

Лявон Вольскі: Балючае пытанне. Я адказваю за музычны складнік, што будзе з астатнім, дакладна не ведаю. Але ўсе музыкі будуць у строях, так заўсёды было. Толькі што, раней гэта былі самаробныя, а цяпер, так бы мовіць, прафесійныя строі. Ну і будуць вельмі сучасныя элементы, найсучаснейшыя. У Падляшскай філармоніі вельмі рухомая сцэна, спускаюцца люкі, нешта спускаецца згары… карацей, галоўнае — прытрымлівацца тэхнікі бяспекі. Я пра музыкаў, бо яны ж не акцёры, нехта ж можа і ў люк зваліцца (смяецца).

Еўрарадыё: Лявон, давайце вернемся ў 90-я. Што вы сказалі ці падумалі, калі ўбачылі тэксты Міхала Анемпадыстава?

Лявон Вольскі: Міхал прыносіў тэксты вельмі паступова. Увогуле, у яго быў такі вельмі плённы перыяд. Тады ў яго была фірма, ён гандляваў фарбай. Вельмі добрая, дарэчы, фарба была і даволі даступныя кошты, нават у тыя 90-я. Нават я набываў гэтыя фарбы… Ды ўсе набывалі… Дык вось, ён сядзеў на працы і пісаў у дзень па дзве песні, рэдка — адну, а здаралася, што і адразу тры.

Гэта быў абсалютна іншы фармат, бо гэта не быў рок-н-рол. Гэта былі такія песні местачковыя… Адразу мы зрабілі ў N.R.M, “La-la-la-lа”, яшчэ да версіі “Народнага альбома”. І потым, здаецца, ужо ў Міхала неяк выспела думка, што гэта ўсё можна дапісаць, аб’яднаць і зрабіць. Урэшце ён прыдумаў назву, канцэпцыю, а я, Кася Камоцкя і Зміцер Вайцюшкевіч пачалі адаптоўваць гэта пад музыку.

Маёй задачай было не сапсаваць гэтыя іранічныя, часам… розныя там ёсць пачуцці і эмоцыі ў тэкстах. Мне бліжэй была рок-музыка, а тут трэба было па-іншаму рабіць. На пачатку мы проста жартавалі. Здавалася, што гэта вельмі добры жарт.

Але, калі мы запісвалі… Дарэчы, запісвалі мы ў студыі “Радыё 101.2”, якое тады ўжо было зачыненае. Гукарэжысёр Анатоль Додзь зрабіў проста подзвіг. Ён запісваў усё на эфірны кап'ютар праз эфірныя мікрафоны. Як ён рабіў гэтыя накладанні, колькасць каналаў… я, напрыклад, дагэтуль не разумею. Але ён доўга думаў і прыдумаў.

У некаторых песнях нават спявалі супрацоўнікі радыё, напрыклад, Ірына Курапаткіна, якая ўжо даўно жыве ў Вашынгтоне. Яна досыць няўпэўнена праспявала “Снежань, студзень, люты”, але ў гэтым ёсць нейкі шарм. Дзе трэба было крычаць, напрыклад, “раз, два, тры”, усе супрацоўнікі радыё выконвалі гэтую ролю. Ну, і Сяргей Ахрамовіч сыграў на баяне.

Еўрарадыё: Паслухаўшы альбом праз дваццаць гадоў хочацца ў ім нешта змяніць, ці гэта цэльны прадукт, які не варта чапаць?

Лявон Вольскі: А там нічога і не зменіш! Мы спрабавалі новую песню напісаць, але гэта ніяк немагчыма. Гэтыя 27 песень мусяць заставацца ў такой храналогіі, як яны ёсць, і гэта і ёсць “Народны альбом”. Аранжаванне можа злёгку змяняцца, але мелодыі, гармоніі — не.

Еўрарадыё: А распавядзіце пра таямніцу “Народнага альбома”. Хто спявае “Надзеньку”, хто хаваецца пад маскай інкогніта? Бо ўсе думаюць, што гэта Лявон Вольскі.

Лявон Вольскі: Спяваў Мікалай Трус, але ён не з’яўляўся на канцэртах і не збіраўся на іх з’яўляцца. Давялося мне неяк сабе ставіць народны голас, але да канца я так яго і не паставіў (смяецца).

Еўрарадыё: А як ён з’явіўся на альбоме?

Лявон Вольскі: Была ў музеі Багдановіча нейкая вечарынка. Пасля нейкай акцыі, здаецца. Ён там быў. Мы ўсе сядзелі, размаўлялі пра “Народны альбом”. І ён праспяваў дзве песні. Пра Надзеньку і другая — пра трактарыста Колечку. Мы так уразіліся, што гукарэжысёр Сяргей Лабандзіеўскі запрасіў яго ў студыю і мы запісалі гэтыя дзве песні. А потым Міхал паслухаў і сказаў, што вось гэтяа пойдзе ў альбом, “Веру!” — сказаў ён.

Еўрарадыё: А для чаго ўвогуле спатрэбіўся такі музычны праект і якую ролю ён адыграў для беларускай музыкі напрыканцы 90-х?

Лявон Вольскі: Найперш — культурніцкую, а па-другое — інтэграцыйную. Я, як рок-музыка, зразумеў, што можна рабіць і так, можна стылізаваць. І потым, дарэчы, неаднаразова гэтым займаўся. Тое ж самае адбылося і ў Змітра Вайцюшкевіча. Пайшлі адзін за другім іншыя музычныя праекты. Ну і “Крамбамбуля” пераўтварылася ў рэшце рэшт у супольны музычны праект, бо кожны альбом быў праектам. Так што, “Народны альбом” даў пачатак сур’ёзнаму адгалінаванню ў беларускай музыцы.

Еўрарадыё: А чаму менавіта вось такі склад музыкў трапіў на “Народны альбом”?

Лявон Вольскі: Усе былі сябры. Ды і круціліся тады ўсе на “Радыё 101.2”, бо гэта было такое знакавае месца. У рэдакцыі ўвесь час тусаваліся музыкі, літаратары, палітыкі, бізнэсоўцы… там віравала жыццё.

Еўрарадыё: А былі музыкі, якія хацелі ўзяць удзел, але вы іх не ўзялі?

Лявон Вольскі: Не. Папросту ніхто асабліва не ведаў, што там адбываецца. Першыя некалькі песень мы запісвалі дзеля забавы. Я проста накідваў на аснову нейкія жывыя інструмены, прачытаў два рэпы ўвогуле без інструментаў. У нас быў з Толікам Дадзём эксперымент. Троху крывы, але нічога. То бок спачатку мы ж проста выдурваліся. А потым, калі палова працы была зробленая, зразумелі, што атрымліваецца нешта знакавае.

Еўрарадыё: Першы выступ “Народнага альбома” памятаеце? Дзе і як гэта было?

Лявон Вольскі: Залішне казаць, што гэта было, як учора! (смяецца). Ён прайшоў у Тэатры юнага гледача і ўсе вельмі хваляваліся, бо на сцэне мы не рэпетавалі. І не вядома куды, у які бок усё магло пайсці, бо магло ўсё і разваліцца. Музыкі таксама не вельмі цвёрда ведалі партыі, бо рэпетыцый было мала. Але пасля некалькіх першых песень (у нас жа нехта задзейнічаны, а нехта сядзіць у грымёрцы і потым выходзіць) у мяне была рэдкая паўза, я зайшоў у грымёрку, там сядзеў Саша Памідораў. Я кажу: здаецца ўсё ідзе супер, а ён кажа: “Усё маем! Ёсць!” І сапраўды прэм’ера была вельмі добрая.

Цяпер гляджу фоткі і бачу, што на сцэне стаіць гурт “Метэор”… Што яны там рабілі, я не ўяўляю. Можа, проста выйшлі на сцэну напрыканцы. Але ў мяне гэта выклікала здзіўленне. Што робяць на сцэне ўсе гэтыя хлопцы? Можа, што дапамагалі ў нейкай песні? (усміхаецца). Ну, і першыя канцэрты ўсе былі такія вельмі адухоўленыя, на эйфарыі. Потым ужо было па-рознаму. Усе тады разумелі, што зрабілі вялікую справу, гарэлі яшчэ “Народным альбомам”. А потым яшчэ і Gazeta Wyborcza напісала пра падзею нумар адзін у культуры 1998 года. І мы там зусім ужо зразумелі сваю значнасць.

Еўрарадыё: Апошні канцэрт “Народнага альбома” быў даволі даўно. Чаму была ўзятая такая вялікая паўза?

Лявон Вольскі: Так атрымалася, што тыя людзі, якія былі ў альбоме ад самага пачатку, разышліся ў розныя бакі. Пэўная частка проста не хацела браць удзел у “Народным альбоме”. А цяпер з’явілася разуменне, што іх удзел не абавязковы, што можа быць і пашыраны склад. Галоўнае, каб засталіся гэтыя песні, тыя, хто гэтыя песні пісаў і выконваў. Ну і калі гэты рубікон быў пяройдзены, то пачалася праца.

Еўрарадыё: Ці можна спадзявацца, што 4 верасня ў Беластоку будзе не адзіны канцэрт “Народнага альбома”?

Лявон Вольскі: Я б хацеў на гэта спадзявацца. Але такім складам наўрад ці атрымаецца сабрацца, гэта вельмі складана, бо гэта аркестар цэлы. Ні ў Беларусі, ні за мяжой проста будзе немагчыма ні сабраць усіх гэтых людзей, ні заплаціць ім. Таму проста хацелася б, каб гэта была гістарычная падзея — 20 гадоў. Каб яна прайшла пампезна, з пафасам, шумам… А потым можам зрабіць такую скарочаную версію, я думаю.

Еўрарадыё: На вашу думку, ці мог бы ўзнікнуць “Народны альбом” цяпер? Ці быў бы ён тады пра 90-я, пра малінавыя пінжачкі, барсеткі?..

Лявон Вольскі: Ну гэта ж не такі інспірыруючы час, як 20-30 гады. Тады было прыгожа! Прыгожы дрэс-код: боты, галіфэ, капелюшы… А што гэты малінавы пінжак? Гэта ж антыэстэтыка. Разумееце, для кожнага часу ёсць свае перадумовы чагосьці. Тады была неверагодная інтэграцыя музыкаў. Цяпер ніякай інтэграцыі наогул няма. І толькі “Народны альбом”, яго 20-годдзе зноў аб’ядноўвае музыкаў. І тое, там ёсць некаторыя праблемы.

Еўрарадыё: А чаму няма гэтай інтэграцыі сярод маладых музыкаў?

Лявон Вольскі: Бо кожны сам па сабе. Раней было так: граеш “Крамбамбуляй” у “Графіці”, тэлефануе Саша Кулінковіч: “Ну што, я прыеду паспяваю?”. Кажаш: “Саша, дык няма ж тут бюджэту ніякага на гэта!”. Бо колькі там у тым “Графіці” чалавек на канцэрце? 50 якіх! А ён кажа: “Дык і не трэба, я так!”.

Еўрарадыё: А ўласна ў вас не ўзнікае думак ініцыяваць нейкі новы "супольны праект", так бы мовіць, запаліць яднанне маладых ці не вельмі музыкаў?

Лявон Вольскі: Перыядычна такія думкі, безумоўна, з’яўляюцца. Таму што ўсё ж такі трэба ітэгравацца. Супраць нас інтэгруюцца людзі, а мы — не. Атрымліваецца, што кожны сам па сабе перажывае розныя свае беды, забароны, сітуацыі… Раней яшчэ неяк збіраліся, абмяркоўвалі, нават Паша Шарамет прыяжджаў каардынаваць гэтую нашу кансалідацыю. А потым кожны пачаў паасобку выблытвацца. Хто за мяжу, хто стаў больш лаяльным… Але думкі пра супольны праект узнікаюць. Але мусіць быць нейкі мэсэдж, трэба яго неяк злавіць. Бо Міхал Анемпадыстаў злавіў бездакорна гэтыя 30-я гады, туманную раніцу, Ракаў… (усміхаецца)

Еўрарадыё: А цікава было б паглядзець, як бы маладыя музыкі перарабілі “Народны альбом” па-свойму?

Лявон Вольскі: Пра гэта ж была размова! Калі пераробяць, то я буду толькі за.

Юбілейны канцэрт “Народны альбом. 20” Пройдзе 4 верасня. Для ўсіх, хто не здолеў атрымаць квіткі на яго, праз пэўны час у агульным доступе ў інтэрнэце з’явіцца відэаверсія.

Новости других медиа
Загрузка...
Загрузка...

Галоўнае

Выбар рэдакцыі