Вы тут

Лявон Вольскі: годна адсвяткаваць Дзень Волі на плошчы Бангалор — немагчыма

Лявон Вольскі / Еўрарадыё

2 сакавіка Лявон Вольскі прэзентаваў у Мінску свой пяты сольны альбом — "Hravitacyja". У перапынку паміж аддзяленнямі канцэрта музыка распавёў Еўрарадыё, што думае наконт словаў Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што 101-я ўгодкі БНР нельга святкаваць на стадыёне “Дынама”.

“Для нас гэта не было нечаканасцю. Вядома, “ну правялі адзін раз — і хопіць” — мы былі ўпэўненыя, што так і будзе. Першы раз [у мінулым годзе] — таксама была, шчыра кажучы, дылема: удзельнічаць ці не. Бо сёння дазволілі, а заўтра… Гэта ж не залежыць ад тых, хто натхняе [на святкаванне Дня Волі], гэта залежыць ад тых, хто дазваляе. Але былі абавязкі перад людзьмі”.

Але, на думку Лявона Вольскага, годна адсвяткаваць Дзень Волі на плошчы Бангалор — немагчыма. “На Бангалоры — не”, — катэгарычна заявіў музыка.

З пачатку 2000-х беларускія улады дазваляюць апазіцыі праводзіць свае мерапрыемствы на пляцоўцы ў Парку дружбы народаў на плошчы Бангалор у Мінску. Пасля канцэрта, які адбыўся “на Бангалоры” 25 жніўня 2006 года, гурт Лявона Вольскага N.R.M. на некалькі гадоў трапіў у “чорны спіс” і пазбавіўся магчымасці выступаць у Беларусі.

Летась 100-я ўгодкі абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі былі адзначаныя вялікім канцэртам ля Опернага тэатра ў цэнтры Мінска. Па звестках арганізатараў, мерапрыемства наведала 50 тысяч чалавек.