Лявон Вольскі: “Басовішча” – па-за канкурэнцыяй!

Напярэдадні фэсту “BeFree” Лявон Вольскі – чалавек, які мае нейкае дачыненне да гурта “ZET”, – распавёў Еўрарадыё пра сваё адчуванне горада Львова, растлумачыў, чаму малады фэст не можа стаць канкурэнтам “Басам”, і чарговы раз расказаў пра сваё ўяўленне свабоды. ЕРБ: Якую праграму рыхтуе гурт “ZET” для фестывалю? Чым-небудзь эксклюзіўненькім парадуеце?

Лявон Вольскі (Л.В.):
Самі ведаеце, магу толькі адказваць крышачку за палітыку гурта, я там побач знаходжуся недзе... Эксклюзіўнае? Не магу дакладна сказаць, таму што матэрыялаў шмат ў гурта, яшчэ не падбівалі трэк-ліст, “Zet-ліст” так званы, калі казаць пісьменнай музычнай мовай апошніх гадоў. Нічога такога звышэксклюзіўнага, таму што вельмі мала часу на выступ - гадзіна. Гэта ўжо само па сабе небяспечна, трэба як мага прасцей ўсё рабіць і паспець за гадзіну зграць пэўную колькасць песень. Так што яшчэ раз кажу: трэба, каб было ўсё прасцей. Можа, прыдумаем якія-небудзь упрыгожванні ў сэнсе гуку!

ЕРБ: Чаго чакаеце ад фестывалю?

Л.В.: Мы чакаем папросту сустрэчы з выдатным горадам, які па-нямецку называецца Ленберг, па-нашаму Львоў, па-украінску Львів. Гэта вельмі знакавае і вельмі энергетычнае месца. Мы спадзяемся канкрэтна там дзянёк пахадзіць, палазіць, пазаходзіць ў розныя цікавыя і знакавыя зноў жа ж месцы. Ад самога фестывалю мы нічога не чакаем, таму што не ведаем, што гэта такое. Летась мы не ўдзельнічалі ў прататыпе гэтага фестывалю, які адбываўся ў Луцку. Мне падаецца, там не ўсё было добра, можа быць таму, што Луцк - гэта не той рэгіён. Львоў, безумоўна, у 100 разоў лепей. Я думаю, што мясцовая публіка будзе значна лепшай, таму што львавяне вельмі актыўныя і вельмі нацыянальна свядомыя. У мяне ёсць досвед – я там яшчэ з “Мрояй” граў 2 разы. Львоў - такі горад, які быў то пад Аўстра-Венгрыяй, то пад Польшчай, таму старыя там ведаюць і нямецкую мову, а такія, з большага сталыя людзі, - польскую. Як і мы, львавяне слухалі калісьці польскае радыё...





ЕРБ:
Як Вы ставіцеся да таго, што беларускі фестываль мае адбыцца па-за межамі Беларусі?

Л.В.: Ну гэта звычайная практыка апошніх гадоў. Апошніх 15-ці гадоў!

ЕРБ: Фэст набыў модную назву на моднай мове...

Л.В.: Гэта справа арганізатараў: тых, хто прыдумаў і знайшоў грошы. Яны могуць называць фэст як хочуць. Назвалі так – ну і ладна, што зробіш. Можна было б пакрэатыўней, канешне. А то пастаянна: “Права быць свабодным”, “Befree” там... Літоўскі фестываль называецца “Be2gether” - таксама па-англійску. Ну, можа быць, гэта такое моднае веянне на нашай тэрыторыі?!

ЕРБ: На Вашу думку, ці можа фестываль ва Львове скласці канкурэнцыю “Басовішчу”?

Л.В: На маю думку пакуль што не. Таму што “Басовішчу” хутка ўжо будзе 20 гадоў, гэта ўсё ж такі сталы фестываль. Ён змяняецца, безумоўна, таму што розныя людзі стаяць у арганізацыі гэтага фестывалю. Яны студэнты, і фестываль быццам бы хістаецца ўвесь час ад аднаго да другога... Шкада, што з візамі зараз так атрымалася, і наогул шкада, што такая сітуацыя з візамі ў беларусаў. Нават не шкада, а проста не хочацца выражацца. У мяне самаго зараз праблема, вось... І я чытаў у Інтэрнеце, што нармальныя абсалютна людзі не маглі патрапіць на “Басовішча”. Але, тым не менш, у “Басовішча” ёсць абсалютна пэўная катэгорыя слухачоў, якія з году ў год наведваюць яго. Некаторыя ўжо 19 гадоў ездзяць, і некаторыя з польскай тэрыторыі таксама. Таму гэта ўсё ж такі ветэраністы фестываль і яго нельга параўноўваць з такім маладым, як “BeFree”, тым болей, што ён мяняе дыслакацыю: быў у Луцку, зараз будзе ва Львове. Але, з іншага боку, так скажам, паводле напаўняльнасці залы – устойлівы тэрмін, хаця гэта будзе open air – можа быць, будзе нават лепей, таму што тут не трэба візаў і, адсочваючы ў Інтэрнеце думкі і памкненні патэнцыйных слухачоў гэтага фестывалю, я гляджу, што шмат хто збіраецца туды падацца.





ЕРБ:
Калі ўжо фестываль называецца “BeFree”, скажыце, што для Вас азначае быць вольным?

Л.В.: Быць вольным? Ну, як казаў класік марксізма і ленінізма, жыць у грамадзтве і быць ад яго вольным цалкам, немагчыма. Нават гэта проста немагчыма! Таму быць вольным можна, хутчэй, унутры. Усё роўна, калі існуеш у дадзеным грамадстве, будзеш мець кантакт з ЖЭСам якім-небудзь, з ваенкаматам, з візавым аддзелам якой-небудзь краіны. Таму тут цалкам вольным быць немагчыма. Ці, можа быць, магчыма, але трэба быць маргіналам, з’ехаць у вёску, напрыклад. І то будзеш мець кантакт з сельсаветам усё роўна! Будуць табе казаць: “Чаго не выкасілі траву каля хаты? Калі не выкасіце, дык забярэм хату!” Зараз так гавораць, дарэчы: “А то будзе праязджаць там начальства, убачыць, што ў вас не пакошанае ўсё.... Вось яшчэ так пастаіць 2 дні – забярэм хату! І выселім!” Так што наўрад ці можна быць зусім вольным... Ці гэта ,можа быць, у горах дзе, як у Ніцшэ: паехаць, заваліцца ў скалах! Тады будзеш вольны цалкам! Ну, а так можна быць вольным у думках, унутры, у творчасці цалкам можна быць вольным, нічога не трэба баяцца. Гэта я кажу для творчых людзей. Не трэба сабе ставіць табу: вось пра гэта мы не спяваем, пра гэта мы не пішам.... Мы па-за палітыкай! Ну тады і па-за гісторыяй, і па-за геаграфіяй! Гэта тое ж самае. Воля – гэта настолькі размытае паняцце, што таксама некаторым людзям шмат волі лепей не даваць, таму што яны пачынаюць распараджацца і рабіць розныя брыдоты... Сакраментальнае пытанне, некалькі тысяч разоў у жыцці ўжо даводзілася на яго адказваць...(смяецца)


Фота: www.nchas.iatp.by
www.music.fromby.net
www.nchas.iatp.by


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі