Вы тут

Лябедзька — пра Акрэсціна: Гэта суцэльныя катаванні людзей

Анатоль Лябедзька з жонкай Святланай пасля вызвалення / Радыё Свабода

Беларускі апазіцыйны палітык Анатоль Лябедзька расказаў nn.by пра 30-суткавы арышт на Акрэсціна. Яго затрымалі 14 траўня каля суда Кастрычніцкага раёна Мінска, дзе ў той дзень пачаўся суд па "справе студэнтаў". Пасля быў прысуд "за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве". На волю Лябедзька выйшаў раніцай 13 чэрвеня — каб сарваць сустрэчу, яго таемна вывезлі з ізалятара і пакінулі ў Сляпянцы.

"Гэта суцэльныя катаванні людзей, калі сыходзіць з міжнародных стандартаў і Канстытуцыі, — кажа палітык. — Менавіта там [на Акрэсціна і ў падобных установах] сёння людзям найбольш некамфортна і небяспечна. Гэта немагчыма нават параўнаць з калоніямі і турмамі Беларусі".

Анатоль Лябедзька лічыць, што тыя дзеячы ад улады, якія робяць заявы ад імя нашай краіны, павінны наведаць сённяшнія ІЧУ і ЦІПы. Каб пабачыць на ўласныя вочы, што там штодзённа адбываецца парушэнне дзейнай Канстытуцыі.

Лябедзька з канца 1990-х неаднаразова трапляў пад адміністрацыйны арышт. І ён сведчыць: "Настолькі цяжкіх умоваў не было ніколі". Перапоўненыя камеры з палітычнымі, адсутнасць падушак, матрацаў, два пад'ёмы за ноч і пяць "шмонаў" за суткі.

"Я проста хацеў звярнуцца і да Лукашэнкі, і да Качанавай, і да Галоўчанкі, і да Макея, — гаворыць Анатоль Лябедзька. — Вы проста зайдзіце ў гэтыя ўстановы, калі раптам не ведаеце, што адбываецца ў Беларусі. Мне здаецца, што да большасці ваеннапалонных у гісторыі так не ставіліся, як цяпер адныя беларусы ставяцца да іншых".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.