Лябедзька: Калі б нам дазволілі 1 з 74 пікетаў — гэта была б сенсацыя

Аб'яднаная грамадзянская партыя спрабавала правесці ў Беларусі дзясяткі пікетаў з мэтай пратэсту супраць дзеянняў уладаў, якія прывялі да фінансавага крызісу. Таксама актывісты збіраліся заклікаць да адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі. Аднак чыноўнікі не дазваляюць праводзіць акцыі.

Вось што распавёў Еўрарадыё лідар АГП Анатоль Лябедзька:

“Было б вялікай сенсацыяй, калі б дазволілі хаця б адзін з 74 пікетаў. Нягледзячы на тое, што ў нас ёсць канстытуцыйнае права на правядзенне пікетаў, аднак гадоў 15 іх нам праводзіць не дазваляюць. Таму мы, калі падавалі заякі, не разлічвалі, што нам дазволяць, асабліва пікеты за адстаўку Аляксандра Лукашэнкі".

Большасць акцый у розных рэгіёнах краіны мусілі адбыцца 17 студзеня, некалькі — 25-га. Чыноўнікі спасылаюцца на тое, што заява была даслана запозна, хоць рабілі гэта за 15 дзён да мерапрыемства, альбо кажуць, што не паспяваюць узгадніць мерапрыемства з усімі службамі.

Тым не менш, АГП збіраецца праводзіць так званыя "лятучыя пікеты", каб праінфармаваць людзей пра сітуацыю ў краіне.

“Праблемы могуць узнікнуць, мы разумеем, у якой краіне жывём. Але жыццё людзі не страцяць. Свабоду людзі, калі і страцяць, то на некалькі дзён, — пралічвае рызыкі лідар АГП. — Тыя, хто гэта робіць, усё разумеюць. Наша задача тут не апускаць рукі і не даваць уладзе адчуванне супакою. А яшчэ — наладзіць камунікацыю з людзьмі".

Фота: bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі