Лукашэнку просяць урэгуляваць сітуацыю з будынкам царквы "Новае жыццё"

Пастары 50 евангельскіх цэркваў Беларусі звярнуліся да кіраўніка краіны з просьбай урэгуляваць сітуацыю з будынкам мінскай царквы "Новае жыццё". Пра гэта БелаПАН паведаміў юрыст царквы "Новае жыццё" Рэлігійнага аб'яднання абшчын хрысціян поўнага Евангелля ў Рэспубліцы Беларусь Сяргей Луканін. "Наша праца як служыцеляў царквы скіравана на адраджэнне духоўнасці беларусаў, збаўленне іх ад заганаў, якія разбураюць асобу. Дэклараваная Вамі пазіцыя сведчыць аб тым, што мы робім адну справу. Калі гэта так, то нам незразумела, чаму прадстаўнікі ўлады на розных узроўнях перашкаджаюць нашай дзейнасці, якую мы ажыццяўляем на падставе Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і дзейнага заканадаўства, прытым што гэтае заканадаўства часта абмяжоўвае права тысяч вернікаў на свабоду веравызнання", — гаворыцца ў адозве да Лукашэнкі.

На думку аўтараў адозвы, "асабліва абуральным з'яўляецца прыклад з абшчынай хрысціян поўнага Евангелля ў Мінску "Царква "Новае Жыццё", якую ўлады пераследуюць амаль дзесяць гадоў". Яны просяць у кіраўніка Беларусі "неадкладнага ўмяшання для аднаўлення законнасці і абароны канстытуцыйных правоў вернікаў".

Нагадаем, грамадзянская спрэчка паміж рэлігійнай абшчынай і Мінгарвыканкамам па пытанні зносу будынка на вуліцы Кавалёва, 72, вялася з кастрычніка 2005 года. У студзені 2009 года Вышэйшы гаспадарчы суд пацвердзіў законнасць рашэння гарвыканкама аб канфіскацыі зямельнага ўчастка абшчыны з наступным выкупам будынка царквы за 37,5 млн. рублёў.

16 сакавіка ўлады ў пісьмовай форме прапанавалі вернікам абмеркаваць пытанне будаўніцтва ў раёне МКАД і вуліцы Шаранговіча новага будынка царквы на зямельным участку плошчай прыблізна 0,4 га, які ў чатыры разы меншы за раней выдзелены. На агульным сходзе 5 траўня вернікі аднагалосна прагаласавалі супраць гэтай прапановы. Да таго ж, вырашэнне пытання аб выдзяленні абшчыне новага зямельнага ўчастка зойме да двух гадоў і запатрабуе ад царквы не менш як 100 тыс. долараў ЗША, а на ўзвядзенне новага храма неабходна адшукаць ад 3 да 5 млн. долараў.

Абшчыне прадпісана да 21 жніўня пакінуць законна набыты будынак.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі