Вы тут

Лукашэнку хочуць пазбавіць звання ганаровага доктара Кіеўскага ўніверсітэта

Уладзімір Бугроў / RFE/RL

Аляксандра Лукашэнку хочуць пазбавіць звання ганаровага доктара Кіеўскага ўніверсітэта імя Тараса Шаўчэнкі. Гэтае званне Лукашэнку надала навуковая рада ўніверсітэта ў 2009 годзе.

Цяперашні рэктар установы філосаф Уладзімір Бугроў падтрымлівае такое рашэнне. "Як сябра навуковай рады я буду галасаваць за такое пазбаўленне. Я мяркую, што гэта справа гонару. Але ў такіх пытаннях заўсёды вельмі важна выканаць працэдуру, каб мы правільную мэту дасягнулі правільным чынам",прыводзіць яго словы Радыё "Свабода".

Пры гэтым ён адзначае, што дагэтуль не было ніводнага выпадку такога пазбаўлення ганаровага звання. Бугроў кажа, што ён прапануе навуковай радзе стварыць камісію з юрыстаў, гісторыкаў і палітолагаў, якая падрыхтуе абгрунтаванне для навуковай рады. "Калі такая палітычна-прававая магчымасць ёсць, гэта трэба зрабіць", — мяркуе рэктар.

Акрамя таго, Бугроў лічыць неабходным зрабіць больш жорсткую працэдуру для ўзнагароджання званнем ганаровага доктара. На яго думку, такое званне мусяць атрымліваць бездакорныя навукоўцы і педагогі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.