Вы тут

Лукашэнка збіраецца сустрэцца з "Маці 328"

Аляксандр Лукашэнка / president.gov.by

Аляксандр Лукашэнка не супраць таго, каб сустрэцца з прадстаўніцамі руху "Маці 328". Пра гэта кіраўнік Беларусі заявіў падчас візіту ў мінскую школу №93, перадае БЕЛТА. 

У рух "Маці 328" уваходзяць маці хлопцаў, асуджаных на вялікія тэрміны за распаўсюд наркотыкаў. 

Падчас паездкі ў школу Лукашэнка ў гутарцы са старшакласнікамі закрануў пытанні здаровага ладу жыцця і згадаў барацьбу з наркотыкамі: 

"Нядаўна мы законы прынялі вельмі жорсткія. Што цяпер ужо маці тых, хто трапіў у месцы не так аддаленыя, просяць змякчыць гэты закон. Гэта з маёй ініцыятывы былі прынятыя адпаведныя законы. Прытым, ну дзесьці мы, напэўна, перагнулі. Той, хто наркотыкі спажывае, — хворы чалавек. Я лічыў, што іх трэба выхоўваць працай — у калоніі. Мы іх выхоўваем і перавыхоўваем, але страшная ломка, калі цябе асабліва без медыцыны пачынаюць адвучаць ад гэтага".

Кіраўнік дзяржавы выказаў меркаванне, што наркаманаў трэба больш лячыць, але нельга дараваць.

Пры гэтым ён заявіў пра сваю гатоўнасць сустрэцца з "Маці 328": "Думаю, трэба сустрэцца з гэтымі бацькамі, якія хочуць са мной сустрэцца. Але ім жа трэба нешта сказаць, і ў гэтых адносінах мы думаем, што зрабіць"

Потым Лукашэнка выказаў меркаванне, што ўводзіць забарону на паленне ў грамадскіх месцах трэба акуратна і паступова. І пры гэтым ён зноў жа згадаў антынаркатычнае заканадаўства: "Па антынаркатычным заканадаўстве мы пераканаліся, што мы крыху жорстка гэта зрабілі. Адпусцім, але трохі".