Лукашэнка заявіў, што з Беларусі "не звінціць": не дачакаецеся!

Лукашэнка заявіў, што з Беларусі "не звінціць": не дачакаецеся!

30 кастрычніка падчас сустрэчы з калектывам МУС, якому прадстаўляў новага міністра, Аляксандр Лукашэнка выказаўся наконт сваёй палітычнай будучыні. Паводле яго слоў, ён "ніколі не ўцякаў і ўцякаць не збіраецца". Таксама Лукашэнка не згодны, што яго палітычная кар'ера падыходзіць да канца. "Не дачакаецеся!", — кажа ён. Пры гэтым Лукашэнка ў чарговы раз абяцае, што не збіраецца трымацца за крэсла "пасінелымі пальцамі".

"Мы з вамі рана ці позна сыдзем з гэтых пасадаў", — сказаў Аляксандр Лукашэнка прысутным афіцэрам і генералам. І працягваў: "Але мы не сыдзем ад захавання таго, што мы цяпер збераглі". І далей ён згадаў пенсію.

"Таму калі вы паклічаце мяне да сябе, калі мы нібыта з вамі будзем на пенсіі, мы яшчэ паслужым гэтай дзяржаве і народу, цытуе словы Лукашэнкі БЕЛТА. — І калі новы прэзідэнт, генералы, прыйшоўшы пасля нас, захочуць парады і дапамогі, падтрымкі, мы ім акажам. Вось і ўся мая палітыка".

Вось такая цікавая формула пра "рана ці позна" і "нібыта... на пенсіі".

"Я зараз сабраўся і звінціў", — згадаў Аляксандр Лукашэнка пра мары часткі суайчыннікаў. І прыгадаў цяжкія сітуацыі, у якіх ён быў раней: "штурм" Дома ўраду, намёты на Кастрычніцкай плошчы, аўтамабілі, якія ў 1990-я нібыта палілі нейкія зламыснікі. "Але вось генералы сядзяць, якія ўвесь час са мной сутыкаліся, бачылі, што ў мяне нават волас не хіснуўся", — так пахваліў ён сябе за вытрымку.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі