Вы тут

Лукашэнка засумняваўся ў неабходнасці ўвядзення біяметрычных пашпартоў

У Беларусі абмяркоўваецца пытанне ўвядзення біяметрычных пашпартоў​ / БЕЛТА

Аляксандр Лукашэнка ў панядзелак сабраў нараду аб гатоўнасці Беларусі да ўвядзення біяметрычных дакументаў.

Біяметрычныя пашпарты павінны былі пачаць выдаваць яшчэ ў 2019-м годзе, затым гэтыя тэрміны неаднаразова пераносіліся.

На нарадзе ў Лукашэнкі прагучала, што праект можа быць запушчаны з красавіка 2021-га года. Але кіраўнік дзяржавы заявіў, што ў яго па-ранейшаму застаюцца сумневы ў неабходнасці такога кроку.

"Ёсць вялікія сумневы, і не толькі ў мяне, але і ў людзей. Вы памятаеце: на тым этапе, як мы толькі пачалі пра гэта гаварыць, і грамадскія арганізацыі, і асобныя людзі выступілі катэгарычна супраць гэтага", — сказаў Лукашэнка.

У прыватнасці, ён не ўпэўнены, што ўвядзенне біяметрычных пашпартоў павысіць абароненасць дакументаў ад падробак. Хоць менавіта гэта аўтары ідэі прыводзяць як аргумент.

Паводле слоў Лукашэнкі, ён асцерагаецца, што людзі атрымаюць больш праблем, чым пераваг. У прыватнасці, яго цікавіла пытанне, наколькі з увядзеннем біяметрычных дакументаў будуць абаронены персанальныя дадзеныя.

"Гэта мяне больш за ўсё насцярожвае. Ці не атрымаецца, што мы нахамутаем яшчэ адну праблему, па-народнаму кажучы?" — сказаў ён.

У сувязі з гэтым ён звярнуўся з прапановай да ўдзельнікаў нарады абмеркаваць пытанне, ці варта "ўводзіць біяметрычныя дакументы імгненна, як мяркуецца, з 30 красавіка ці патрабуецца яшчэ час для падрыхтоўкі?".

У выніку Аляксандр Лукашэнка ўхваліў ўвядзенне біяметрычных пашпартоў з дапрацоўкай "асобных момантаў". Даты старту праекта яшчэ няма.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.