Лукашэнка: трэба стварыць сакрэтную мабільную сувязь
21 лістапада Аляксандр Лукашэнка сабраў нараду аб развіцці сістэмы урадавай сувязі.
Беларускі кіраўнік падкрэсліў, што ў нашай дзяржаве ёсць засакрэчаная стацыянарная сувязь. "У прэзідэнта на стале распрацоўкі стацыянарнай айчыннай сувязі, усе вышэйшыя службовыя асобы, чальцы ўрада маюць нядрэнную стацыянарную сувязь. Але самае галоўнае, што мы ў гэтым выпадку абсалютна незалежныя. Мы стварылі свае сістэмы сувязі, свае цэнтры шыфравання інфармацыі, недаступныя для разведак іншых дзяржаў", — перадае БЕЛТА словы Лукашэнкі.
Пры гэтым ён паставіў задачу стварыць такую ж засакрэчаную мабільную сувязь. "Мы сёння робім і тэстуем некаторыя сістэмы не стацыянарнай, а мабільнай сувязі. У кожнага сёння мабільны тэлефон: узяў, затэлефанаваў — увесь свет ведае, пра што ты кажаш. Трэба стварыць такую сувязь, але абароненую. Як у народзе кажуць, сакрэтную сувязь. Мы тэстуем такую сувязь", — прызнаўся кіраўнік дзяржавы.
Як паведамляла раней Еўрарадыё, у жніўні Лукашэнка наведваў адзін з аб'ектаў урадавай сувязі, падпарадкаваны Камітэту дзяржаўнай бяспекі. Там яму распавялі аб распрацоўцы сістэм рухомай урадавай радыёсувязі, паказалі сродкі сувязі і апаратуру шыфравання, у тым ліку абароненую мабільную тэлефонную сувязь.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.