Лукашэнка: свабода слова, якую мы абараняем, перарасла ў экстрэмісцкую дзейнасць

Лукашэнка: свабода слова, якую мы абараняем, перарасла ў экстрэмісцкую дзейнасць

30 ліпеня падчас выступлення перад "актывам мясцовай вертыкалі" Аляксандр Лукашэнка закрануў свабоду слова ў Беларусі. Ён паведаміў, што "завяршаецца сістэмная работа па навядзенні парадку ў інфармацыйным полі". Відаць, ён мае на ўвазе дзясяткі ператрусаў у журналістаў, у рэдакцыях недзяржаўных выданняў па ўсёй краіне, затрыманні. У зняволенні ў нашай краіне знаходзяцца 27 супрацоўнікаў медыя.

"Мы змагаемся не з іншадумствам або рознымі думкамі, — пераконваў прысутных Лукашэнка. — Не дай божа. Выразаць розныя пункты гледжання — знікне краіна!".

А далей заявіў наступнае: "Проста свабода слова, якую мы абараняем, сёння перарасла ў экстрэмісцкую дзейнасць". Аляксандр Лукашэнка сцвярджае, што ўлада адэкватна ўспрымае крытыку. Але ён пабачыў заклікі "да бунту і крывавых распраў". І паабяцаў, што ўлада будзе з гэтым змагацца "жорстка і рашуча".

Таксама Лукашэнка выказаўся і пра "зачыстку" грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. Паводле яго слоў, рост колькасці НДА — гэта "маркер падрыхтоўкі каляровых рэвалюцый". "Пад выглядам дабрачыннасці, сацыяльна значных праектаў яны адпрацоўваюць чужую палітычную замову", — падкрэсліў ён.

Лукашэнка налічыў 185 "дэструктыўных" няўрадавых арганізацый, 61 з іх ужо зліквідавалі.

"Не трэба іх [грамадскія арганізацыі] там пладзіць тысячамі і выхваляцца, што ў нас у камсамоле ці іншых грамадскіх арганізацыях тысячы, — гаварыў ён. — Хай будзе там некалькі сотняў, але сапраўдных байцоў, на якіх мы можам абаперціся".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі