Лукашэнка рыхтуе ў Мінску сустрэчу Папы і Патрыярха?

У праваслаўнай царкве называюць гэта магчымым. Тэарэтычна. Да таго ж Кірыл і Бенедыкт XVI ужо сустракаліся Аляксандр Лукашэнка 27 красавіка сустрэнецца з Папам Рымскім. Гэту інфармацыю афіцыйна пацвердзілі Еўрарадыё ў Ватыкане.

Прэс-служба Ватыкана: "Адзіная інфармацыя, якой мы валодаем, гэта тое, што Аляксандр Лукашэнка прыедзе ў Ватыкан 27 красавіка".

Тым часам у Беларусі з’яўляюцца розныя чуткі. Адна з іх: Аляксандр Лукашэнка хоча, каб Папа Бенедыкт XVI прыехаў у Мінск і сустрэўся тут з Патрыярхам Кірылам.

У Беларускай праваслаўнай царкве кажуць, што такая сустрэча тэарэтычна магчымая.

“Сустрэча Папы рымскага з мітрапалітам беларускім ці патрыярхам маскоўскім можа адбыцца пры двух ўмовах, — расказвае прэс-сакратар БПЦ Андрэй Петрашкевіч. — Першае: запрашэнне кіраўніка дзяржавы. Другое: згода царквы. Калі гэтыя ўмовы будуць выкананыя, то сустрэча можа адбыцца, але толькі тэарэтычна. На практыцы гэтага ніколі не будзе, пакуль не будзе вырашана пытанне з уніяцкай царквой на тэрыторыі перш за ўсё Ўкраіны”.

Палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі ўдакладняе "пытанне" з уніяцкай царквой.

Раман Якаўлеўскі: “Кірыл ставіць умовы, каб Ватыкан спыніў сваю экспансію на землях Украіны, на кананічнай тэрыторыі Рускай праваслаўнай царквы”.

На думку палітолага, цалкам верагодна, што Папа прыедзе ў Мінск, аднак з Патрыярхам Кірылам ён тут не пабачыцца. Крэмль ні ў якім разе не дапусціць, каб падобную гістарычную сустрэчу арганізаваў менавіта Лукашэнка.

Раман Якаўлеўскі: “Тое што, Лукашэнка можа стаць пасрэднікам паміж Папам і Патрыярхам Кірылам, гэта з вобласці фантазій. Таму што ані Пуцін, ані іншыя гаспадары Крамля ніколі не пагодзяцца на тое, каб такую гістарычную сустрэчу арганізаваў Лукашэнка. Але візіт Бенедыкта XVI у Беларусь цалкам верагодны”.

Між тым, на думку аглядальніка, у Ватыкана з Рускай праваслаўнай царквой ёсць агульныя інтарэсы — яны разам супрацьстаяць уплыву пратэстантаў, які ўзмацняецца. Ды і ўвогуле, у перспектыве, сустрэча Бенедыкта XVI з патрыярхам Кірылам, магчымая. Бо аднойчы, калі Кірыл яшчэ узначальваў управу знешніх адносін РПЦ, яны ўжо сустракаліся.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі